Полувековой юбилей со дня основания празднуют докшицкие мелиораторы

img_9347У нядзелю сваё прафесійнае свята і 50-гадовы юбілей з дня заснавання арганізацыі будуць адзначаць меліяратары. Бясспрэчны той факт, што ў свой час меліярацыя цалкам змяніла нашу краіну: асушэнне балот павялічыла плошчы сельгасугоддзяў, стварыла ўмовы для хуткага развіцця сельскай гаспадаркі.
Значны ўклад у скарбонку добрых спраў калектыву докшыцкіх меліяратараў уносіць брыгада на чале з Валерыем Палячонкам, якая ў гэтыя дні завіхаецца на ўкладцы поліэтыленавага дрэнажу ў Вольберавічах. Працягласць такой сістэмы складае 28 кіламетраў. На прасторным полі магутнай тэхнікай – экскаватарам ЭТЦ-202 – умела кіруе машыніст Аляксандр Цалавальнікаў. Дружная каманда справу сваю ведае дасканала. Пра гэта гаварыў падчас размовы майстар Анатоль Шкелка, які прыехаў на аб’ект. Ён зазначыў, што праца меліяратараў не з лёгкіх, але людзі прызвычаіліся і прыкіпелі да яе, як кажуць, душой. Дарэчы, сам майстар адзін з вопытнейшых работнікаў прадпрыемства, пачынаў машыністам экскаватара, яшчэ ў 80-я гады атрымаў ордэн “Знак гонару” і быў удастоены звання “Лепшы па прафесіі”.
НА ЗДЫМКУ: злева направа: брыгадзір Валерый Палячонак, трубаўкладчык Віктар Русак, памочнік Аляксандр Пярэдня, машыніст Аляксандр Цалавальнікаў і майстар Анатоль Шкелка.

img_1709 img_1714

Докшыцкае ПМС з’яўляецца адным са старэйшых прадпрыемстваў Віцебскай вобласці. Яго гісторыя пачалася з 1 чэрвеня 1967 года і на той час мела іншую назву: будаўніча-мантажны ўчастак. Праз год пашырылася да ўпраўлення, а затым стала ПМК-48.
Сваю дзейнасць арганізацыя пачынала пры поўнай адсутнасці рамонтнай базы, жылля і аб’ектаў сацыяльна-культурнага быту. Час быў такі, што не хапала тэхнікі і нават кваліфікаваных спецыялістаў. Тэрыторыя вытворчай базы выглядала далёка не так, як зараз. Прайсці па ёй магчыма было толькі ў гумовых ботах. Напачатку калектыў налічваў каля сотні чалавек. З кожным годам вытворчасць развівалася, расла і колькасць работнікаў. Іх рыхтавалі ў спецыяльных вучэбных класах, абсталяваных майстэрнях. Многае было зроблена на карысць арганізацыі і раёна. Больш за 20 гадоў калектыў узначальваў Мікалай Аніськоў. Гэта пры яго кіраўніцтве ПМК-48 неаднаразова была пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва ў сваёй галіне. Вялікія вытворчыя поспехі дазвалялі паклапаціцца аб стварэнні аб’ектаў сацыяльнай сферы для работнікаў прадпрыемства.
Былі пабудаваны новая рамонтная майстэрня, цэнтральны склад, адміністрацыйны будынак, дыспетчарская, кацельня, піларама, аўтагараж, дрэваапрацоўчы цэх, поўнасцю заасфальтавана тэрыторыя вытворчай базы. З’явіліся дзіцячы сад, крама і сталовая, лазне-пральны камбінат.
Вялікая ўвага ўдзялялася будаўніцтву жылля. У канцы 1969 года былі здадзены пад ключ тры жылыя шчытавыя дамы, а праз год – першы васьмікватэрны дом. За ўсю сваю дзейнасць прадпрыемствам было пабудавана 244 кватэры, інтэрнат на 117 месцаў агульнай плошчай 14542 кв.м. Акрамя гэтага, у перыяд з 2007 па 2012 гады ў вёсках будаваліся жылыя дамы і інжынерныя сеткі да іх, добраўпарадкавалася тэрыторыя.
У 2001 годзе галоўнай для прадпрыемства задачай заставалася гаспадарчая дзейнасць, накіраваная на якаснае правядзенне работ па рэканструкцыі, тэхнічным доглядзе і рамонце меліярацыйных сістэм. На сённяшні дзень да асноўных відаў работ далучыліся будаўніцтва і рамонт лесагаспадарчых дарог, нарыхтоўка драўніны для асабістых патрэб насельніцтва раёна.
За мінулы год у Докшыцкім раёне плошча асушаных зямель склала 29779 гектараў. Выконваліся работы па ўкладцы дрэнажу – 44,24 кіламетра, яго прамыўцы, абкошванні каналаў і ачыстцы іх ад глею. За апошнія два гады ў эксплуатацыю ўведзены дзве меліярацыйныя сістэмы: “Сэрвач №1” у ДП “АграСітцы (163 гектары) і “Бярэзіна №1” у ААТ “Барсучанка” (142 гектары). Зараз асноўныя работы вядуцца на меліярацыйных аб’ектах у ДП “АграСітцы”, ААТ “Таргуны” і ДП “АграБераснёўка”.
Апошнія дзесяць гадоў калектыў ПМС узначальвае Уладзімір Шульгат.
– Даваць новую сілу зямлі, адраджаць яе ўрадлівасць трэба толькі з добрым настроем і шчырай любоўю да яе і прафесіі меліяратара, – лічыць Уладзімір Іванавіч. – Калектыў гэта разумее, таму стараецца працаваць на вынік. Наша прадпрыемства – гэта найперш людзі. Штат налічвае 80 чалавек. Але ж без мінулага не было б і будучыні. Таму хачу адзначыць нашых паважаных ветэранаў, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё прадпрыемства, перадавалі вопыт маладому пакаленню. Гэта людзі, якія аддалі справе жыцця больш за 20, 30 і 40 гадоў. Сярод іх Міхаіл Дварэцкі, Іван Мацаль, Аляксандр Нямчынаў, Анатоль Ардынскі, Алег Гапанёнак, Іван Рагулька, Ірына Пярэдня, Фёдар Васюковіч, Соф’я Гралеўская, Ірына Печань, Антон Пятровіч, Аляксандр Шкелка, Анатоль Юковіч, Міхаіл Акуліч, Валерый Бальчэўскі, Пётр Шаркевіч, Іван Клімко, Галіна Плыгаўка, Леакадзія Юхнавец, Анатоль Шаура і многія іншыя. І сёння ў калектыве ёсць з каго браць прыклад. Тут працуюць прафесіяналы сваёй справы, паспяхова спраўляюцца з пастаўленымі задачамі і дабіваюцца поспехаў.
Віншую ўсіх работнікаў прадпрыемства, ветэранаў працы з прафесійным святам і 50-гадовым юбілеем з дня стварэння арганізацыі. Жадаю моцнага вам здароўя, рэалізацыі новых праектаў, фінансавага дабрабыту, стабільнасці і няхай заўсёды будзе побач поспех.

Тэкст і фота Таццяны ПАДБЯРЭЗКАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *