Делегация Докшицкого района приняла участие на «Дожинках-2017» в Дубровно
Віцебская вобласць 30 верасня адсвяткавала чарговыя “Дажынкі” . У гэтым годзе гасцей на свяце сельскіх працаўнікоў сустракаў Дубровенскі раён. Удзел ва ўрачыстасці прыняла і дэлегацыя нашага раёна, якую ўзначальваў старшыня райвыканкама Алег Пінчук. Па традыцыі на свяце падводзіліся вынікі работы на хлебных нівах. Аграрыі Прыдзвіння дастойна вытрымалі экзамен і намалацілі больш за мільён тон збожжа. 275 экіпажаў камбайнераў з 21 раёна вобласці перавысілі тысячны намалот. Па праве ганарымся, што ў іх ліку і 12 экіпажаў з Докшыччыны. Уладзімір Лаўцэвіч з ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” перасягнуў паўтарытысячны рубеж. Два прадстаўнікі нашага раёна падняліся сёлета на сцэну, каб атрымаць заслужаную падзяку за сваю працавітасць і адданасць справе.
Нават старажылы не прыпамінаюць такога складанага па ўмовах надвор’я сезона: падчас уборачнай кампаніі практычна няспынна праходзілі дажджы, у асобных рэгіёнах выпала па 2-3 нормы месячных ападкаў. Але, нягледзячы на гэта, хлебаробы завяршылі жніво з найменшымі стратамі. Вобласць выканала дзяржаўны заказ, у поўным аб’ёме засыпала насенныя фонды, забяспечыла канцэнтраванымі кармамі жывёлу. У рэйтынгу раёнаў Докшыцкі займае дзявятае месца з сярэдняй ураджайнасцю 29,6 цэнтнера з гектара і агульным намалотам 47682 тоны і нязначна адстае ад Глыбоцкага, Талачынскага і Лёзненскага раёнаў.
“Усё, чаго мы здолелі дасягнуць падчас сёлетняга жніва, – вынік напружанай работы не толькі аграрыяў, – адзначыў губернатар Віцебскай вобласці Мікалай Шарстнёў. – У сельскую ніву ўкладзена праца работнікаў прамысловых, перапрацоўчых, транспартных, аграсэрвісных і іншых арганізацый, супрацоўнікаў устаноў гарадоў вобласці, студэнтаў і навучэнцаў, якія дапамагалі ў найбольш адказныя перыяды. Вялікі дзякуй хачу сказаць усім працаўнікам – за вернасць сялянскаму доўгу, высокі прафесіяналізм і невычарпальную любоў да сваёй зямлі”.
Маляўніча і шырока сустрэла Дуброўна сваіх гасцей. “Дажынкі” – важны сацыяльна-культурны праект, які да ўсяго садзейнічае добраўпарадкаванню населеных пунктаў. Таму гарадок пахарашэў: больш за 200 аб’ектаў, 70 з якіх прыходзіцца на сацыяльную сферу, змянілі сваё аблічча. Асаблівая ўвага ў плане добраўпарадкавання была ўдзелена цэнтральнай плошчы, дзе дызайнеры і будаўнікі стварылі цудоўную зону адпачынку з камфортнай дзіцячай пляцоўкай, зялёнымі кампазіцыямі, фантанам, адкрыццё якога адбылося на свяце, і альтанкамі. Таксама для жыхароў райцэнтра пабудавана новая спартыўная пляцоўка.
Свята, як заўжды, прайшло ў найлепшых традыцыях, парадавала цікавымі адметнасцямі, такімі, як феерычнае авіяшоу, дэманстрацыя ўзораў ваеннай тэхнікі ў парку Воінскай Славы, а таксама пляцоўка з выставай тэхнікі сельскагаспадарчай, тэатралізаванымі пастаноўкамі, тэматычнымі пляцоўкамі, прэзентацыямі, канцэртамі, ярмаркай ды феерверкам. Годна глядзеліся вырабы з Докшыччыны ў конкурсным праекце “Дажыначны сноп” і на выставе караваяў раёнаў “Каравай Віцебшчыны”. Пад гукі духавога аркестра і марш-парада мажарэтак дэлегацыі ад раёнаў прайшлі ў святочным шэсці па вуліцах Дуброўна, усклалі кветкі да помнікаў Герою Савецкага Саюза А. Нікандравай і воінам-вызваліцелям.
Самы ўрачысты момант “Дажынак” – цырымонія ўзнагароджання перадавікоў. Сярод жанчын-кіраўнікоў і маладых кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, якія ўнеслі асабісты ўклад у правядзенне ўсіх тэхналагічных цыклаў па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, была адзначана Канул Чувакова, дырэктар ААТ “Замастачанскае”. Канул Фармаілаўне ўручыў губернатар сертыфікат на трактар МТЗ-82 і ключы ад яго. Ганаровая грамата Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь за добрасумленную працу і значны ўклад у дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў на ўборцы ўраджаю-2017 – узнагарода трактарыста-машыніста ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” Уладзіміра Лаўцэвіча. Ганарымся нашымі працаўнікамі і шчыра віншуем іх!
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота А. Варанковіча.