Леонид Гуляко встретился с представителями власти и духовенством в Докшицком районе

img_7001У рамках адзінага дня інфармавання Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь  Леанід Гуляка з планавым візітам наведаў Докшыцы. Леанід Паўлавіч правёў прамую тэлефонную лінію, сустрэўся з кіраўніцтвам раёна і прадстаўнікамі духавенства. Удзел у мерапрыемстве прыняў галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, па справах моладзі, рэлігій і нацыянальнасцей галоўнага упраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Сяргей Фадзеенкаў. 

– Сустрэчы са святарамі – гэта мая ўласная ініцыятыва, – падкрэсліў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей. – Стараюся пабываць ва ўсіх рэгіёнах краіны, выслухаць выказванні прадстаўнікоў розных канфесій наконт магчымых змяненняў альбо дапаўненняў у Закон “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”. Дарэчы, на тэрыторыі Беларусі пражываюць прадстаўнікі 26 канфесій, з якіх 85 працэнтаў – праваслаўныя вернікі. Важна, каб яны ўсе, нягледзячы на тое, каго больш, каго менш, адчувалі сябе ў прававым полі аднолькава.
Леанід Гуляка акрэсліў моманты, дзе інтарэсы дзяржавы і рэлігійных арганізацый супадаюць. Зрабіў акцэнт на тым, што, кіруючыся ўласным вопытам работы з рознымі канфесіямі ў нашай краіне, бачыць сваю задачу ў арыентаванні прысутных, чаго нельга дапускаць у паўсядзённай дзейнасці. Прыхаджане для органаў дзяржаўнай улады, у першую чаргу, – грамадзяне Рэспублікі Беларусь, падкрэсліў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей.
Свяшчэннаслужыцелі прынялі актыўны ўдзел у адкрытым дыялогу. Яны абмеркавалі пытанні духоўнага выхавання падрастаючага пакалення. Леанід Гуляка нагадаў, што дзяржава аказвае вялікую падтрымку Царкве ў падрыхтоўцы кадраў, у прыватнасці, фінансаванні духоўных навучальных устаноў, у справе рамонту цэркваў і касцёлаў.
Падчас прамой тэлефоннай лініі да Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей паступіў званок ад прыхаджанкі з г. п. Бягомль. Яна пацікавілася, як будзе вырашаны далейшы лёс Валерыя Цімкова, былога настаяцеля храма, які быў пазбаўлены духоўнага сану царкоўным судом Полацкай епархіі, а затым і вышэйшым судом Беларускай праваслаўнай царквы. Леанід Гуляка патлумачыў:
— Днямі гэта рашэнне аб пазбаўленні сану зацвердзіў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел, і дзяржава не ў праве яго адмяніць.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: Леанід Гуляка падчас сустрэчы са старшынёй райвыканкама Алегам Пінчуком, старшынёй райсавета Валянцінай Рандарэвіч і намеснікам старшыні райвыканкама Аксанай Палачанінай.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *