Личные вещи комиссара бригады «Железняк» занимают почетное место в Бегомльском музее народной славы

dscn2918

Сярод экспанатаў Бягомльскага музея народнай славы асабістыя рэчы Героя Савецкага Саюза Сцяпана Манковіча займаюць асаблівае месца. Ваенны плашч з фуражкай, боты – гэта тое аддзенне, у якім камісар партызаніў тры гады акупацыі. Іншыя рэчы, у тым ліку сямейныя, партызанскія фота, дачка Манковіча Ніна Сычова перадала ў Дзяржаўны музей ваеннай гісторыі Беларусі.

Сярод іх ёсць унікальная рэч – сцяг партызанскай брыгады “Жалязняк”. Дарэчы, як сведчыць інфармацыя, сабраная некалі глінскімі школьнікамі, у вёсках, якія кантралявала брыгада, на будынках сельсаветаў чырвоныя сцягі віселі ўсю вайну. Здымалі іх толькі падчас аблаў, калі немцы часова займалі гэтыя населеныя пункты. Па сутнасці, Бягомльскі раён быў маленькай савецкай рэспублікай. І вялікія намаганні прыклалі для гэтага Сцяпан Манковіч, людзі, якіх ён здолеў павесці за сабой.

Асабістыя рэчы камісара.

Асабістыя рэчы камісара.

Партызанскі камісар у сваіх успамінах падрабязна расказвае, як узнікла, шырылася, мацнела супраціўленне ворагу, што паквапіўся на нашу краіну. Калі ў ноч на 3 ліпеня 1941 года ў Бягомль уварваліся нямецка-фашысцкія часці, партыйныя і савецкія работнікі перасяліліся спачатку ў Бедзіна, потым у Федаркі. З першых жа дзён яны пайшлі па вёсках, каб высветліць, на якіх надзейных людзей можна абаперціся ў будучай барацьбе з ворагам. Некаторыя, як інструктар райкама партыі Сямён Кірко, былі схоплены фашыстамі. Хутка сталі паляваць і за самім Манковічам. Ён перамясціўся ў Домжарыцы і ўжо адтуль кіраваў стварэннем падпольнай сеткі ў населеных пунктах, падрыхтоўкай да партызанскай дзейнасці.
Камісарам Манковіча абралі яшчэ ў атрадзе “Рамана”, а ў жніўні 1942 года – сакратаром Бягомльскага падпольнага райкама КП(б)Б.

За перыяд баявых дзеянняў брыгады “Жалязняк”, з верасня 1942 года, было пушчана пад адхон 76 эшалонаў праціўніка, разгромлена 17 валасных і дзве жандарскія ўправы, знішчана больш за дзве тысячы нямецкіх салдат і афіцэраў. Адной з яркіх старонак баявой дзейнасці “жалезнякоўцаў” была аперацыя па разгроме Бягомльскага гарнізона праціўніка і захоп раённага цэнтра ў снежні 1942 года. Бягомль ўтрымліваўся партызанамі да чэрвеня 1943-га. Камісар Манковіч значную ўвагу надаваў прапагандысцкай рабоце па разлажэнні паліцэйскіх фармаванняў. Вынікам такой працы быў пераход на бок партызан злучэння Гіль-Радзівонава, з якога была арганізаваная 1-я антыфашысцкая брыгада. На момант злучэння з часцямі Чырвонай Арміі колькасць брыгады “Жалязняк” складала 2137 чалавек.

fotoБіяграфічная даведка. Сцяпан Манковіч нарадзіўся 13 мая 1905 года ў вёсцы Беразіно. Да рэвалюцыі закончыў царкоўна-прыходскую школу. У 13 гадоў стаў галоўным кармільцам у сям’і, бо памёр бацька. Падлетак араў, касіў нараўне з дарослымі мужчынамі. У 1927 годзе быў прызваны на службу ў Чырвоную Армію. Там закончыў палкавую школу 7-й асобнай артбрыгады. Вярнуўся дадому адукаваным па тых часах, паважаным чалавекам і адразу ўключыўся ў будаўніцтва новага жыцця. Загадваў хатай-чытальняй, узначальваў мясцовы калгас, быў сельсаветчыкам, дырэктарам МТС. На ўсіх пасадах паказаў сябе адданым барацьбітом за бальшавіцкую ідэю, таму ў 1940 годзе стаў сакратаром Бягомльскага райкама КП(б)Б. Як толькі пачалася вайна, райкам перайшоў на нелегальнае становішча, а Манковіч, якога пакінулі ў тыле ворага для арганізацыі супраціўлення акупантам, быў прызначаны рабіць захады па арганізацыі партызанскага руху. Ужо ў снежні 1941 года ён становіцца камісарам атрада “Рамана” пад камандаваннем Дзьякава, які быў створаны з акружэнцаў. У верасні 1942 года атрад быў разгорнуты ў партызанскую брыгаду, якая атрымала назву “Жалязняк” у гонар героя Грамадзянскай вайны матроса-бальшавіка Жалязнякова. Па ўспамінах саратнікаў, назваць яе так прапанаваў менавіта Манковіч. За ўзорнае выкананне заданняў урада ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у тыле ворага і праяўленыя пры гэтым адвагу і гераізм Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 1 студзеня 1944 года Сцяпану Манковічу было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка”. Пасля вайны Манковіч закончыў у Маскве Вышэйшую школу партыйных арганізатараў пры ЦК ВКП(б) і ў 1947 годзе быў накіраваны ў Гомельскі абкам на працу. З 1949 па 1953 працаваў старшынёй Шаркаўшчынскага райвыканкама, потым старшынёй калгаса ў Браслаўскім раёне. Памёр у 1978 годзе. Яго імем названа вуліца ў г.п. Бягомль.

Манковіч з жонкай і дзецьмі.

Манковіч з жонкай і дзецьмі.

Успамінае Ніна Сычова (Манковіч): – …Мы рушылі ў эвакуацыю, але, калі танкі абагналі ў раёне Хапенічаў, вярнуліся ў Бягомль. Тата разам з іншымі пайшоў “даганяць фронт”, а нас з матуляй схавалі ў склепе надзейныя людзі. Потым асцярожна перабраліся ў родную вёску мамы – Бедзіна. Там і знайшоў нас тата. За яго галаву немцы ўжо абяцалі заплаціць 20 тысяч нямецкіх марак. Гэта не дапамагло, і тады арыштавалі маму. Уратавала яе дзявочае прозвішча, пад якім яна значылася ў дакументах, і прыдуманая легенда. Праз некаторы час тата нас забраў у лес. Блакада заспела ў зямлянцы на востраве. Аднойчы на світанні пачуліся стрэлы, чужая гаворка. Усе кінуліся бегчы да наступнага вострава. Я ў тумане згубілася. Але ж людзі не кінулі. Вечарам сутрэлася з мамай і двума меншымі брацікамі. Мама пазней расказвала, што ёй дапамог яўрэй-партызан. Схапіў на рукі самага маленькага хлопчыка і кажа: “Камісарыха, калі немцы нас дагоняць, лёс мяне з табой чакае аднолькавы. Пабеглі. У мяне ёсць граната, калі што – падарву”. Нізкі паклон гэтаму цудоўнаму, мужнаму чалавеку.

Пасля прарыву блакады нашу сям’ю разам з цяжкапараненымі першым жа самалётам вывезлі ў Маскву, а потым у Мардоўскую АССР. Туды пасля шпіталя прыязджаў тата, ужо Герой Савецкага Саюза. Ён быў вельмі спакойным чалавекам, любіў добры жарт, паліў трубку. Таварышы па атрадзе называлі яго смелым і мужным чалавекам, бо ён не раз разам з імі хадзіў у бой…

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *