Паучьи сети аниме

10946

У апошні дзень зімы ленты навін абляцела інфармацыя пра тое, што ў Гомелі супрацоўнікамі міліцыі былі затрыманы 200 чалавек, якія, па даных МУС, з’яўляюцца прадстаўнікамі маладзёжнай субкультуры “Рэдан”, 183 з іх – непаўналетнія. Праваахоўнікі спрацавалі імгненна. Падлеткаў затрымалі каля гандлёвага цэнтра.

Гэта навіна сапраўды ўскалыхнула бацькоўскую супольнасць, як колькі часу таму інфармацыя пра групы смерці ў сацыяльных сетках, спайсы, вэйпы і ўсю астатнюю небяспечную спакусу, якая ліпне да падлеткаў з неверагоднай хуткасцю. Запыты пра рэдан пабілі ўсе рэкорды пошукавых сістэм. Пра небяспеку папярэджваюць у бацькоўскіх чатах і суполках. А субкультура на хвалі злоўленага хайпу за некалькі дзён стала ва ўсіх на слыху. Да ўсяго, вядома, што новы напрамак распаўсюджваецца ў Расіі з неверагодна жахлівай хуткасцю.

Што такое “Рэдан”?

ПВК “Рэдан” з’явілася на глебе пераймання японскага анімэ “Hunter x Hunter” аб злачыннай групоўцы “Геней Рэдан”.

Гэта стыхійны моладзевы рух, які з’явіўся ўнутры анімэшнай субкультуры “dead inside”, або “мёртвы ўнутры”: яе ўдзельнікі ў свае юныя гады ўжо адчуваюць сябе спустошанымі, “мёртвымі знутры”.

У японскім анімэ Рэдан – гэта атрад элітных байцоў, якіх яшчэ называюць “павукамі” з-за сімволікі. Самі “рэданаўцы” лічаць сябе “баявымі нефармаламі”. Героі комікса займаюцца бандытызмам і носяць на спінах адметны знак – татуіроўку павука з лічбай 4. Гэты ж сімвал узялі для свайго вобразу і ўдзельнікі руху “Рэдан”. Акрамя павука на вопратцы, рэданаўцы носяць клятчастыя штаны і фарбуюць валасы ў чорны колер – усё, каб быць падобнымі да любімых герояў.
Дарэчы, абрэвіятура ПВК не мае ніякага дачынення да прыватных ваенных кампаній – яна проста для пафасу, ну і даволі часта сустракаецца цяпер у навінах.
Здавалася б, і ў 90-я, і ў пачатку 2000-х моладзь была прыхільніцай розных субкультур. Што тут небяспечнага? Маўляў, “перабесяцца” і паразумнеюць. Аднак ёсць істотнае адрозненне ад той моладзі – доступ да Інтэрнэту і захапленне відэакантэнтам. Дзеля яго, уласна, усё і ладзіцца. Падлеткі сустракаюцца вялікімі групамі ў некалькі соцень чалавек на вялікіх пляцоўках – напрыклад, у гандлёвых цэнтрах, каб учыніць бойку. Усё гэта здымаюць на тэлефоны, а потым выкідваюць у Інтэрнэт. Некаторыя асабліва ідэйныя прыхільнікі субкультуры б’юць татуіроўкі павукоў з лічбай 4.

Чым пагражае ўдзел у ПВК “Рэдан”?

“РВ” адрасавала пытанне ўчастковаму інспектару па справах непаўналетніх РАУС Аляксандры Балашка:

– Супрацоўнікі міліцыі імкнуцца спыняць падобныя “забавы” на стадыі агітацыі ў сацыяльных сетках, аднак яны раз-пораз успыхваюць у вялікіх гарадах Расіі і Украіны. А зараз дабраліся і да Беларусі. Падлеткі да 16 гадоў атрымаюць папярэджанні з пастаноўкай на ўлік у інспекцыю па справах непаўналетніх. Тым, хто старэйшы за 16 гадоў, можа пагражаць адміністрацыйная адказнасць.

Перад падрыхтоўкай артыкула друкую ў пошукавым радку Тэлеграма запыт “Рэдан”. Прапаноўваецца некалькі каналаў, у якіх налічваецца ад дзясяткаў тысяч да двух мільёнаў удзельнікаў. Заходжу ў самы вялікі: відэа боек і сутычак у розных гарадах суседняй краіны. Выглядае, мякка кажучы, жахліва. І ўсё ў свабодным доступе. Мяркуючы па разнастайнасці кантэнту, прыхільнікаў у руху там шмат. Праз колькі гадзін паўтараю эксперымент – многія каналы зніклі са свабоднага доступу. Бачна, што пытанне і сапраўды на кантролі ў прадстаўнікоў сілавых структур. Толькі да кожнага дзіцяці міліцыянера не прыставіш. І тое, чым падлеткі жывуць у гэтай прыцягальнай, цікавай, але такой небяспечнай віртуальнай прасторы, бацькам часам зусім невядома, асабліва, калі і самі яны тэлефон з рук не выпускаюць. А шукаюць і першыя, і другія адно і тое ж: сяброў, парады, разуменне, простыя чалавечыя стасункі. І на гэтай глебе, далікатна націснуўшы на болевыя кропкі, якіх у кожнага багата, уцягнуць дзіця можна ў што заўгодна.

Замест пасляслоўя:

Некалі прачытала ў Паўла Вараб’ёва: “Дзіцячы розум быццам пластылін./Трывожуся не толькі я адзін,/Калі з анёла лепяць прайдзісвета”.

Лепш не скажаш, праўда? Спадары бацькі, прапануем чэлендж ад “РВ”: даеш адну гадзіну ў дзень стасункаў з дзецьмі без тэлефона? Напачатку, мяркуем, бакам будзе складана, а потым, глядзіш, можа, і часу спатрэбіцца больш.

Наталля СТАШЭВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *