Фирменный магазин «Снедь» Глубокского мясокомбината открылся в агрогородке Торуны
Прыемнай падзеяй адзначаны першы кастрычніцкі дзень для жыхароў Таргуноў – у аграгарадку гасцінна расчыніла дзверы крама “Снедь” Глыбоцкага мясакамбіната. На ўрачыстым адкрыцці гандлёвай кропкі прысутнічалі намеснік старшыні райвыканкама Марына Клімовіч, дырэктар мясакамбіната Анатоль Дук, кіраўнік ААТ “Таргуны” Міхаіл Крукоўскі.
На вітрынах і стэлажах, у халадзільніках, размешчаных у дастаткова прасторным, утульным і светлым памяшканні, месцічы, якія прыйшлі ў гэты дзень на адкрыццё крамы, з радасцю ўбачылі шырокі асартымент харчовых тавараў. Гэта, зразумела, у першую чаргу прадукцыя мясакамбіната – багаты выбар каўбас, рулетаў, мяса, сала, фаршу, паўфабрыкатаў, іншай прадукцыі па прывабных цэнах. Як адзначыў Анатоль Дук, запыты пакупнікоў будуць дэталёва вывучацца і, адпаведна, будуць карэкціравацца наяўнасць і аб’ёмы пэўных відаў тавару.
Увогуле ў краме “Снедь” жыхары Таргуноў і бліжэйшых населеных пунктаў змогуць набыць практычна ўсе неабходныя харчовыя тавары: хлебабулачную прадукцыю Докшыцкага хлебазавода, крупы і макаронныя вырабы, муку, рыбу і кансервы, салодкасці і напоі. Прадстаўлена ў поўным аб’ёме і “малочка”. У хуткім часе крама папоўніцца яшчэ і мясам качак, магчыма, трусоў. Карацей, калі справа пойдзе, то і пакупнікі будуць задаволены, і прадпрыемству – выгада.
Марына Клімовіч, намеснік старшыні райвыканкама:
– Адкрыццё новага гандлёвага аб’екта – значная падзея для раёна. Улічваючы сённяшнія праблемы спажывецкай кааперацыі, вядзём актыўную дзейнасць у гэтым кірунку. Зразумела, не ўсё вырашаецца так хутка, як хацелася б, таму ўдвайне прыемна, што кіраўніцтва Глыбоцкага мясакамбіната пайшло нам насустрач і дзейнічала аператыўна: на працягу паўтара месяца быў зроблены рамонт будынка, набыты поўны асартымент тавараў. Спадзяёмся, што гэта будзе не адзін фірменны гандлёвы аб’ект прадпрыемства ў нашым раёне – працуем у гэтым напрамку далей. А таксама вядуцца перамовы пра тое, каб запусціць аўтакрамы мясакамбіната з такім жа багатым выбарам тавараў для абслугоўвання сельскага насельніцтва.
Анатоль Дук, дырэктар Глыбоцкага мясакамбіната:
– Падтрымалі прапанову адкрыць краму з боку кіраўніцтва раёна, а таксама нашага пастаяннага, скажам так, сыравіннага партнёра ААТ “Таргуны” яшчэ з тых часоў, калі гаспадарка называлася “Зарой камунізму”. Разгледзелі пытанне дэталёва і прынялі станоўчае рашэнне. Усе падставы для гэтага ёсць: сельгаспрадпрыемства дынамічна развіваецца, колькасць патэнцыяльных пакупнікоў дастатковая. Немалую ролю іграюць належныя партнёрскія адносіны: нам прадаставілі памяшканне, аказалі актыўнае садзейнічанне пры адкрыцці. Упэўнены, што наша супрацоўніцтва прынясе плён і будзе карысным для ўсіх бакоў. Хацелася б адзначыць, што цэны ў нашай краме ў параўнанні з іншымі гандлёвымі кропкамі больш чым канкурэнтныя, а прадукты натуральныя і свежыя, паколькі наш мясакамбінат стабільна прытрымліваецца курсу: вытворчасць прадукцыі здаровай, бяспечнай і прыдатнай па цане для спажыўцоў.
Алена Гаўрыловіч, жыхарка агр. Таргуны, бухгалтар ААТ “Таргуны”:
– Думаю, маё меркаванне падтрымаюць усе аднавяскоўцы: новы магазін – гэта цудоўна. І калі ў ім увесь час будзе столькі тавараў, то ні ў якія крамы больш хадзіць або ездзіць не трэба – усё можна купіць тут. Зручна і ў фінансавым плане, і час эканоміцца.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Аляксандра Варанковіча.