Уборка кукурузы в Докшицком районе почти перешагнула экватор
Якасная кармавая база — аснова высокай прадукцыйнасці буйной рагатай жывёлы. У ААТ «Таргуны» прыкладаюць усе намаганні, каб забяспечыць пагалоўе якаснымі кармамі.
Сенажу на сённяшні дзень закладзена амаль 30 тысяч тон, у тым ліку ў палімернай упакоўцы, што складае 123,4 працэнта да плана. Поўным ходам ідзе ўборка кукурузы на сілас – нарыхтавана 26 233 тоны зялёнай масы з запланаваных 26 500, пры гэтым царыца палёў убрана яшчэ толькі на 43 працэнтах плошчаў. Яны ў гаспадарцы складаюць трэцюю частку ад агульных плошчаў у раёне. Днямі ў сельгаспрадпрыемстве прыступілі яшчэ і да ўборкі кукурузы на зерне.
Гэтай справай заняты Юрый Малюжанец, з якім сустрэліся на палетках каля вёскі Козікі. Кукуруза там вымахала больш за тры метры ў вышыню, пачаткі выспелі і таксама цешаць вока сваімі памерамі і зярністасцю. Бункер напаўняецца залацістым зернем літаральна за хвіліны.
– На такім полі і працаваць хочацца, – з усмешкай каменціруе ўбачанае перадавы механізатар, ас у сваёй справе, якому падуладная любая сельскагаспадарчая тэхніка (а ўпраўляць камбайнам са спецыяльнай жняяркай няпроста – патрэбны асаблівыя спрыт і майстэрства), і дадае: – Толькі б надвор’е паспрыяла.
Да ўборкі гэтай культуры ў ААТ “Таргуны” прыступілі ў сярэдзіне верасня, і ідзе яна, трэба сказаць, ударнымі тэмпамі. Ураджайнасці дзякуючы зладжанай рабоце агранамічнай службы і ўсяго калектыву, а таксама строгаму захаванню тэхналогій вытворчасці дасягнулі высокай – больш за 400 цэнтнераў з гектара. Такім чынам таргуноўскія аграрыі не нашмат адстаюць па гэтым паказчыку ад лідара – ААТ “Бягомльскае”. Дарэчы, у гаспадарцы ўжо не першы год прымяняюць сучасную тэхналогію – плюшчанне зерня кукурузы, так званы карнаж – нарыхтоўку ў поліэтыленавыя рукавы, што дае магчымасць захоўваць высакаякасныя кармы працяглы час. Акрамя гэтага, павышаная пажыўнасць такога корму спрыяе падняццю надояў і павелічэнню прываг маладняку.
У цэлым па раёне на 1 кастрычніка кукуруза ўбрана на 49,3 працэнта плошчаў. ААТ “Бягомльскае” завяршыла работу, “перасягнулі экватар” ААТ “Барсучанка” і ДП “АграСітцы”, дзе ўраджайнасць адпаведна 262 і 295 цэнтнераў з гектара. Сярэдняя ж па раёне – 346,2 цэнтнера з гектара, і гэтым паказчыкам можна па праве ганарыцца.
Яскрава гавораць пра забяспечанасць кармамі ў сельгаспрадпрыемствах і наступныя лічбы: на ўмоўную галаву жывёлы на сённяшні дзень у раёне нарыхтавана 29,72 цэнтнера кармавых адзінак – прырост да мінулага года складае ажно 13,8 ц.к.адз. Найбольшы ён у ААТ “Бягомльскае”, дзе на ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана 65,98 ц.к.адз., што ў два разы больш, чым летась. На другім месцы ААТ “Таргуны” – 33,27 ц.к.адз. супраць 18,29 у 2023 годзе, на трэцім – ДП “АграСітцы”, дзе нарыхтавалі 27,3 ц.к.адз., што таксама ў два разы больш, як летась.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава Чарвінскага.