Быстрыми темпами идет посевная кампания в ОАО «Докшицкий райагросервис»

Механізатары Канстанцін Бяльковіч і Яўген Ярмаковіч.

Механізатары Канстанцін Бяльковіч і Яўген Ярмаковіч.

Хуткімі тэмпамі ідзе пасяўная кампанія ў ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. Яравы клін у гаспадарцы значны – 1069 гектараў. Гэта другая па велічыні плошча ў раёне. Па стане на раніцу ўчарашняга дня яравых збожжавых і зернебабовых пасеяна на 847 гектарах, што складае без малога 80 працэнтаў.

Гэта сапраўды годны паказчык, улічваючы тое, што непасрэдна на сяўбе заняты два механізатары – Міхаіл Чарняўскі і Яўген Ярмаковіч. Ад зары да зары два руплівыя сейбіты на сваіх жалезных конях, за працоўны дзень засяваюць па 45-50 гектараў палеткаў.

Наведаліся ва ўрочышча Вараны, дзе на стогектарным полі сельгаспрадпрыемства быў разгорнуты цэлы фронт работ. З сейбітам Яўгенам Ярмаковічам працавала цэлая каманда аграрыяў. Рыхтавалі глебу да сяўбы Міхаіл Валковіч і Віктар Суднік. Канстанцін Гурскі шчыраваў на камнепадборшчыку. Унясеннем мінеральных угнаенняў займаўся Іван Каляга, а Канстанцін Бяльковіч аператыўна дастаўляў пасяўны матэрыял на загрузчыку. Дарэчы, і Іван Іванавіч, і Канстанцін Аркадзьевіч ужо не першы год як пенсіянеры, але ў гарачую пару ніколі не адмаўляюцца дапамагчы роднай арганізацыі, працы ў якой аддадзены не адзін дзясятак гадоў.

Разам з тым у райаграсэрвісе ўжо завершана падкормка азотам азімых збожжавых культур і вядзецца падкормка азімых крыжакветных.

У агульным па раёне на ўчарашні дзень яравыя збожжавыя і зернебабовыя пасеяны на плошчы 4088 гектараў, што складае амаль 76 працэнтаў ад запланаванага. Лідарства па тэмпах сяўбы трымае ААТ “Барсучанка”, дзе пры плане 830 гектараў пасеялі ўжо 941. Больш за тысячу гектараў на рахунку ААТ “Таргуны”, а ўвесь яравы клін у гэтай сельгасарганізацыі складае 1530 гектараў. Адначасова там сеюць і яравы рапс – план у 103 гектары перавыкананы ўжо ў тры з паловай разы. Прыкладна на адным узроўні па тэмпах ідуць райаграсэрвіс, ААТ “Бягомльскае” і ДП “АграСітцы”. Перасягнула экватар сяўбы і КУП “Докшыцкі”. Сіноптыкі на гэты тыдзень абяцаюць добрае надвор’е, якое, трэба спадзявацца, паспрыяе нашым хлебаробам завяршыць веснавую кампанію ў тэрмін.

Алена НАВАСЕЛЬСКАЯ.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *