Вокальный ансамбль «Земляки» отпраздновал 20-летний юбилей
Юбілейны канцэрт народнага вакальнага ансамбля “Землякі” адбыўся ў Параф’янаўскім СДК. Творчы калектыў адсвяткаваў 20-годдзе сваёй дзейнасці.
Са святам віноўнікаў урачыстасці павіншавала намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна і ўручыла Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў.
– У гэтай зале няма выпадковых людзей. Сёння тут сабраліся вашыя шчырыя прыхільнікі, калегі, сябры, – у прывітальным слове сказала Аксана Эдуардаўна. – У гэты цудоўны вечар хочацца добрымі словамі ўспомніць удзельнікаў, якія ў свой час таксама спявалі ў ансамблі. Ну і, вядома ж, выказаць словы віншаванняў і падзякі цяперашняму саставу ансамбля “Землякі”, які ведаюць далёка за межамі раёна, у вобласці, у суседніх раёнах. Вас любяць, вас чакаюць. Шчыры дзякуй за творчасць, за прафесіяналізм, за талент. Жадаю новых перамог, новых здзяйсненняў, новых творчых праектаў і, канечне ж, новых прыхільнікаў. Параф’янаўскі край увогуле вельмі багаты на таленавітых людзей, прычым не толькі ў сферы культуры.

Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў кіраўніку ансамбля Святлане Шпак уручыла намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна.
У госці да ансамбля-юбіляра ў гэты святочны вечар прыехала шмат сяброў з прыемнымі сюрпрызамі, падарункамі, добрымі пажаданнямі і, вядома ж, песнямі.
У зале СДК, які змяшчае 200 гледачоў, быў поўны аншлаг. Землякі шчыра віталі “Землякоў” апладысментамі. Амаль кожны выхад ансамбля на сцэну суправаджаўся воклічамі “брава”. Ці не гэта самы лепшы падарунак і прызнанне таленту параф’янаўскіх артыстаў? З юбілеем, “Землякі”!
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

















