Машинно-тракторный парк ОАО «Барсучанка» пополнился восемью единицами техники

Трактарыст-машыніст Аляксандр Рамашоў.

Трактарыст-машыніст Аляксандр Рамашоў.

Паступленне новай тэхнікі ў любым сельгаспрадпрыемстве – можна сказаць, свята і для механізатараў, і для інжынернай і агранамічнай службаў. Таму і гараць агеньчыкі ў вачах галоўнага інжынера ААТ “Барсучанка” Уладзіміра Коўзана, з якім сустрэліся надоечы, каб даведацца пра ход рамонтных работ напярэдадні пасяўной кампаніі: з пачатку года машынна-трактарны парк сельгаспрадпрыемства папоўніўся ажно васьмю адзінкамі тэхнікі.

Трактарыст-машыніст Васіль Баброўскі…

Трактарыст-машыніст Васіль Баброўскі.

– Найперш атрымалі два энерганасычаныя трактары МТЗ-3522, – распавёў Уладзімір Тадэвушавіч. – За руль новых гігантаў у хуткім часе сядуць два браты Баброўскія – Мікалай і Васіль. Гэта вопытныя, адказныя работнікі, прафесіяналы, неаднаразовыя пераможцы раённых спаборніцтваў. Радуемся і паступленню шыроказахопнай зерневай пнеўматычнай сеялкі СЗП-12: двум нашым пасяўным агрэгатам, скажам так, са значным стажам работы гэта вялікая падмога. Яшчэ займелі і новую сеялку для кукурузы СТВ-8, а таксама два шыроказахопныя культыватары КПС-10 і двое плугоў: звыклы ўжо для нас плуг ППО-9-45 і плуг чызельны безадвальны ПЧ-3г – такі агрэгат можа выкарыстоўвацца не толькі для апрацоўкі глебы пад збожжавыя і тэхнічныя культуры, але і для паляпшэння лугоў і пашаў.

Газаэлектразваршчык Вячаслаў Хвідчэня.

Газаэлектразваршчык Вячаслаў Хвідчэня.

Разам з тым, адзначае галоўны інжынер, барсучанскія аграрыі не забываюць прыказку пра тое, што стары сябар даражэйшы за двух новых – гэта якраз у дачыненні да тэхнікі. Паступленне навінак ніякім чынам не стала прычынай расслабіцца з рамонтам “аксакалаў”. Так, на гэтыя мэты сельгаспрадпрыемства асвоіла 37 тысяч рублёў раённага бюджэту, 47 тысяч – абласнога і 51 тысячу ўласных фінансавых сродкаў. Закуплены ўсе неабходныя запасныя часткі, рамонт і падрыхтоўка тэхнікі да пасяўной ідзе поўным ходам. У майстэрні – рух і паўсюдна звыклыя для рамонтных работ гукі: галасы механізатараў і слесараў, лязганне металу, гудзенне зварачнага апарата і такарнага станка… Заспелі ў памяшканні добра знаёмых механізатараў Аляксандра Рамашова (даводзіў да ладу дыскатар “Рубін”) і Васіля Баброўскага (займаўся рамонтам пасяўнога агрэгата). А вось малады зваршчык, які шчодра “іскрыў” побач, быў невядомы. Аказалася, практыкант. Ураджэнец вёскі Касцюкі і навучэнец Лепельскага аграрна-тэхнічнага каледжа, Вячаслаў Хвідчэня часу дарма не траціць, а імкнецца як мага больш за перыяд практыкі “набіць руку”, каб стаць у далейшым не проста зваршчыкам, а высакакласным спецыялістам. “Будзе з хлопца толк, – зазначаюць механізатары. – Ужо бачым, што сваю работу робіць акуратна, якасна”. Вячаслаў яшчэ не ведае, дзе канкрэтна стане працаваць пасля заканчэння каледжа, але што вернецца ў свой раён – гэта дакладна. Чаму б і не ў “Барсучанку”? Аўтарытэт ён там сабе ўжо напрацоўвае.

Алена Несцяронак.
Фота Вячаслава Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *