Суд Докшицкого района вынес приговор мошеннику, который выманил у жительницы Поставщины 21 тысячу долларов
У жыхаркі Пастаўскага раёна махляры вымантачылі 21 тысячу долараў. Адзін з удзельнікаў злачыннай групы, грамадзянін Расіі армянскай нацыянальнасці 1994 г. нар., паўстаў перад судом Докшыцкага раёна.
Працэс праходзіў пад кіраўніцтвам старшыні суда Вячаслава Елісеенкі. Дзяржаўны абвінаваўца – намеснік пракурора раёна Надзея Міцько.
Злачынныя падзеі развіваліся наступным чынам. Пастаўчанцы патэлефанавалі быццам бы з таварыства “Мабільныя ТэлеСістэмы” і папрасілі ўстанавіць на тэлефон пэўны дадатак і з мэтай пралангацыі дагавора на карыстанне паслугамі ўказаць асабістыя анкетныя і пашпартныя даныя, што тая і зрабіла. Далей падключыліся лжэсупрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю і пераканалі пацярпелую ў тым, што прыналежная ёй банкаўская картка выкарыстоўваецца для пераводаў буйных сум грашовых сродкаў для фінансавання ўкраінскіх ваенных. Даведаўшыся, што ў жанчыны ў наяўнасці 21 тысяча долараў ЗША, пераканалі перадаць гэтыя грошы для дэкларавання, каб пазбегнуць канфіскацыі падчас вобыску.
Па іх і заявіўся малады чалавек з Расіі. Да яго візіту махляры не спускалі пацярпелую з кручка, падтрымліваючы пастаянную сувязь. Запэўнілі ў неабходнасці мер канспірацыі і нават узялі з яе распіску аб неразгалошванні фактаў.
Сустрэча з кур’ерам была кароткай: кодавае слова “расчоска” і маўклівая перадача пакетаў са зберажэннямі…
Пасля таго як пра здарэнне даведаўся муж пацярпелай, пара звярнулася ў міліцыю. А далей у ходзе следчага эксперыменту жанчына паведаміла ашуканцам, што жадае задэклараваць яшчэ 10 тысяч долараў… І другі бок клюнуў на прынаду! У выніку зламыснік, які прыехаў па новую суму, быў затрыманы праваахоўнымі органамі – на тэрыторыі Ушацкага раёна.
– На жаль, грамадзяне краіны, нягледзячы на шырокую інфармацыйную работу, працягваюць пападацца ў сеткі кіберашуканцаў, – сказаў старшыня суда раёна Вячаслаў Елісеенка. – У кожным выпадку махляры праводзяць тонкую псіхалагічную апрацоўку ахвяр, каб схіліць іх да добраахвотнай перадачы сродкаў. Часцей за ўсё такія злачынствы адносяцца да катэгорыі цяжкіх, таму што сумы нанесенага ўрону вялікія.
Па папярэдняй змове абвінавачаны з неўстаноўленымі асобамі завалодалі грашовымі сродкамі і маёмасцю пацярпелай на суму, якая перавышае памер базавай велічыні больш чым у тысячу разоў. Гэта значыць, што махлярства здзейснена ў асабліва буйным памеры. Аналагічным спосабам падсудны спрабаваў завалодаць грашовымі сродкамі ў суме 10 тысяч долараў.
Яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 4 гады 6 месяцаў са штрафам у памеры 4 200 рублёў у даход дзяржавы.
Ніна КРУКОВІЧ.

