Работников жилищно-коммунального хозяйства поздравили в Докшицах
У ККЗ “Іскра” прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У зале сабраліся работнікі камунальнай сферы, каб падвесці вынікі сваёй работы за мінулы год і адзначыць лепшых з лепшых.
Дырэктар РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Дзмітрый Каляга выказаў словы падзякі калектыву за вельмі важную паўсядзённую працу і добрасумленныя адносіны да справы. Пажадаў ветэранам працы і калегам здароўя, поспехаў, дабрабыту і міру.
Работнікаў жыллёва-камунальнай сферы прывітала старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч.
– Мы настолькі прывыклі да камфорту, якім вы нас забяспечваеце, што амаль перасталі яго заўважаць, – адзначыла Валянціна Юр’еўна. – На вашу працу, на жаль, звяртаем увагу толькі тады, калі штосьці здараецца. Нягледзячы на непагадзь, камунальнікі ліквідуюць аварыйныя сітуацыі, стараюцца зрабіць больш зручнымі ходнікі і дарогі, вуліцы – чыстымі і прыгожымі. Дзякуй за вашу нялёгкую працу і высокі прафесіяналізм. Жадаю, каб работа ў большасці была планавай, а не экстраннай, каб у ваш адрас часцей гучалі словы падзякі, тым больш іх па праве заслугоўваеце.
Павіншаваўшы віноўнікаў урачыстасці, кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна ўручыла ўзнагароды. Ганаровую грамату райвыканкама атрымаў намеснік галоўнага інжынера РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Яўгеній Кучыц, Падзяку старшыні райвыканкама – прыбіральшчыца тэрыторыі Вольга Навіцкая. Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў быў адзначаны начальнік Бягомльскага ўчастка Юрый Кукуля, Падзякай старшыні раённага Савета дэпутатаў – рабочы па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў Андрэй Казачонак.
Для ўручэння Ганаровай граматы Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі на сцэну быў запрошаны машыніст аўтагрэйдара Алег Скакун. Ганаровую грамату Віцебскага аблвыканкама атрымаў майстар палігонаў бытавых адходаў Вячаслаў Ючкавіч. Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі адзначаны вадзіцель пагрузчыка ўчастка аўтатранспарту Докшыцы Уладзімір Пакора, кантралёр па ўліку і рэалізацыі цеплавой энергіі Дзіна Юковіч, дырэктар філіяла № 1 РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Аляксандр Трахінін.
За шматгадовую працу, добрасумленнае выкананне сваіх прафесійных абавязкаў Ганаровай граматай РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” узнагароджаны трактарыст участка аўтатранспарту Андрэй Пургін, вадзіцелі Сяргей Лісіца і Аляксандр Парцянка, машыніст кацельні ў Барсуках Валерый Андрыеўскі, машыніст кацельні “РАПТ” Уладзімір Курносаў, аператар пральнага абсталявання Алена Буцько, трактарыст участка аўтатранспарту Іван Глазко, начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела Святлана Леснічэнка, слесар-сантэхнік філіяла № 1 Сяргей Андрыеўскі і вадзіцель пагрузчыка філіяла № 1 Аляксандр Сваток.
На свяце былі адзначаны таксама работнікі, якія прымаюць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці прадпрыемства. Падзяка Віцебскай абласной арганізацыі беларускага прафсаюза работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і сферы абслугоўвання ўручана начальніку ўчастка па добраўпарадкаванні і азеляненні населеных пунктаў Аксане Масальскай, падзяка пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі – рабочаму па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў Эдуарду Паўловічу і майстру філіяла № 1 Сяргею Міцько.
Сярод прысутных у зале былі і ветэраны працы. Дружнымі апладысментамі віталі начальніка ўчастка па добраўпарадкаванні населеных пунктаў Галіну Глымушку, якая 41 год прысвяціла камунальнай сферы, краўца Ванду Пяцько, начальніка эксплуатацыі жыллёвага фонду Тамару Цынковіч (на здымку), эканаміста Алену Лось, спецыяліста па кадрах Галіну Яцына, намесніка галоўнага бухгалтара Людмілу Купрэвіч, касіра лазні Людмілу Галоўчыц, аператара пральнага абсталявання Ніну Азямблоўскую, работніка па абслугоўванні лазні Людмілу Ліннік, бухгалтара Таісу Жаўнерка, кантралёра Эму Ралавец, намесніка дырэктара па фінансавай рабоце Фаіну Шульгат, начальніка ўчастка па нарыхтоўцы дроў Вячаслава Арлоўскага, Сяргея Ціханаўца, які адпрацаваў на прадпрыемстве 28 гадоў.
На працягу вечара свае музычныя віншаванні камунальнікам дарылі салісты і творчыя калектывы ГЦК і раённага Цэнтра дзяцей і моладзі.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.


























