К 90-летию Госавтоинспеции Беларуси. Ветеран МВД Георгий Стрелковский верен службе и присяге

Георгій Стралкоўскі.

Георгій Стралкоўскі.

Капітан запасу Георгій Стралкоўскі органам унутраных спраў прысвяціў 26 гадоў, пры гэтым апошнія дваццаць – Дзяржаўтаінспекцыі. Ураджэнец Глыбоцкага раёна армейскую службу праходзіў у элітным Крамлёўскім палку ў Маскве. Мог бы і далей працягнуць вайсковы шлях, аднак мітусня вялікага горада не прыцягвала, душа імкнулася на радзіму. Так шчасліва склалася, што непадалёк, у суседнім Докшыцкім раёне, спаткаў ён свой чалавечы і прафесійны лёс.

– Звыкшыся з армейскім парадкам, не ўяўляў сябе ў іншай справе, таму і ўладкаваўся ў Докшыцкі райаддзел міліцыі ў 1993 годзе. Спачатку працаваў у патрульна-паставой службе, на іншых участках, а з 1998 года – у Дзяржаўтаінспекцыі, – расказвае Георгій Іванавіч.

– Падзяліцеся выпадкамі з прафесійнай дзейнасці, якія найбольш урэзаліся ў памяць?

– Паверце, іх вельмі многа, бо кожная складаная сітуацыя на дарозе, кожнае здарэнне – яны асаблівыя. Нельга разабраць іх па шаблоне. Трэба ўлічыць шмат фактараў. Калі на шалях вагаў чалавечыя лёсы, дробязяў не бывае. Часта на першы погляд вінаваты такім не з’яўляецца. Для гэтага ў межах следчых дзеянняў мы мадэлюем сітуацыю здарэння. Наша работа, на жаль, звязана з рызыкай і вялікімі чалавечымі трагедыямі. Так склалася, што і ў першы, і ў апошні гады маёй службы адбыліся аварыі, у якіх загінулі па пяць чалавек. Памятаю да дэталяў першы выпадак, калі на папутным транспарце дабіраўся на месца быццам бы невялікага ДТЗ у Замасточча. Прыбыў адзін, яшчэ да “хуткай”, а там з шасці ўдзельнікаў аварыі выжыла толькі адно дзіця… На месцы апошняга падобнага ДТЗ мы без перапынку і сну працавалі практычна двое сутак.

Георгій Стралкоўскі зараз і на раённай Дошцы гонару як лепшы па прафесіі супрацоўнік сілавых структур.

Георгій Стралкоўскі зараз і на раённай Дошцы гонару як лепшы па прафесіі супрацоўнік сілавых структур.

Быў у біяграфіі Георгія Стралкоўскага яшчэ адзін цікавы факт: у 2011 годзе ён выратаваў на пажары жанчыну, за што быў узнагароджаны медалём. Вось як гэты выпадак апісваўся ў нашай газеце тады:

“30 снежня 2011 года, у 23 гадзіны 30 хвілін, інспектар ДПС АДАІ РАУС старшы лейтэнант міліцыі Георгій Стралкоўскі і старшы інспектар групы кадраў РАУС маёр міліцыі Аляксандр Гмыза неслі службу па ахове грамадскага парадку на тэрыторыі Парплішчанскага сельсавета. Праязджаючы па вуліцы Савецкай у в. Порплішча, заўважылі палаючую жылую хату. Супрацоўнікі міліцыі імгненна адрэагавалі на тое, што адбывалася, і кінуліся туды. Побач з домам убачылі гаспадара, інваліда па зроку, які паведаміў, што ў доме засталася яго жонка.
Палова дома, у тым ліку і ўваходныя дзверы, былі цалкам у агні – пранікнуць у памяшканне не ўяўлялася магчымым. Тады міліцыянеры выбілі аконную раму, і Стралкоўскі праз утвораны праём заскочыў у пакой, узяў на рукі гаспадыню дома, якая знаходзілася ў непрытомным стане. Калі Георгій выскачыў з пакоя, увесь дом ужо цалкам быў ахоплены агнём…”

Разважаючы пра гэтае і іншыя здарэнні, Георгій Іванавіч прыкмячае, што з кожным супрацоўнікам ДАІ паралельна нясе службу яго сям’я. Ён вельмі ўдзячны сваёй палавінцы Марыне за цярплівасць, мудрасць і той тыл, які жонка афіцэра стварала дома.

– Вельмі каштоўна і важна, каб кожнага з нас чакалі блізкія, пакуль нясём цяжар адказнасці за дарогі і грамадскую бяспеку. Гэта, паверце, дарагога каштуе.

Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота аўтара і з архіва  ветэранаў ДАІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *