Законы дорог – законы жизни. К 90-летию Госавтоинспеции Беларуси

Калектыў АДАІ РАУС у пачатку 2000-х пад кіраўніцтвам начальніка аддзялення Анатолія Сценніка (у цэнтры).
Сёлета Дзяржаўтаінспекцыя Беларусі адзначыць 90-гадовы юбілей.
Нягледзячы на тое, што спецыяльныя падраздзяленні для рэгуліроўкі вулічнага руху былі створаны ў некаторых мясцовых саветах яшчэ ў 1920-х гадах, гісторыя службы як самастойнага падраздзялення бярэ адлік з даты, калі было зацверджана “Палажэнне аб Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі”, а гэта 3 ліпеня 1936 года. Дакумент вызначыў кола дзейнасці ДАІ: барацьба з аварыямі на дарогах, распрацоўка тэхнічных норм эксплуатацыі аўтатранспарту, назіранне за падрыхтоўкай шафёраў, улік аўтапарку. Штатнымі супрацоўнікамі інспекцыі сталі многія выпускнікі аўтадарожных інстытутаў і тэхнікумаў, вопытныя работнікі іншых службаў міліцыі і аўтатранспартных прадпрыемстваў.
– За дзевяць дзесяцігоддзяў свайго існавання Дзяржаўтаінспекцыя прайшла многае: неверагодна змянілася інтэнсіўнасць руху, значна ўзмацніліся патрабаванні да дарожнай бяспекі, нельга параўнаць сённяшняе тэхнічнае аснашчэнне службы нават з тым, што мелася два-тры дзесяцігоддзі таму, – распавядае начальнік АДАІ РАУС маёр Дзмітрый Дамаскін, – Але, нягледзячы на гэта, задачы перад службай былі і застаюцца нязменнымі – арганізацыя і бяспека дарожнага руху з мэтай захавання жыцця і здароўя грамадзян і грамадскага парадку ў цэлым. Нашы калегі-ветэраны высока паднялі прафесійную планку, і зараз перад нашым калектывам ставіцца канкрэтная задача: ва ўмовах сучасных рэалій не толькі не страціць напрацаваны вопыт, але і развіць яго, каб перадаць нашым правапераемнікам.
У сваё прафесійнае свята, якое супадзе з галоўным святам нашай дзяржаўнасці – Днём Незалежнасці, супрацоўнікі АДАІ Докшыцкага РАУС, як і ўсе, хто прысягнуў на вернасць Радзіме, будуць працаваць ва ўзмоцненым рэжыме, каб забяспечыць галоўнае – ахову грамадскага правапарадку падчас святочных мерапрыемстваў. Але ў будзённай крутаверці яны абавязкова знойдуць хвілінку, каб патэлефанаваць старэйшым калегам і павіншаваць іх з агульным двайным святам. Павіншаваць шчыра, але коратка, без залішняга пафасу, па-афіцэрску. З надыходзячым святам, вартавыя дарог!
Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота з архіва ветэранаў ДАІ.
