Вопрос горячего школьного питания обсудили с технологом Центра обеспечения деятельности бюджетных организаций Докшицкого района
Пытанне пра гарачыя школьныя абеды не страчвае сваёй актуальнасці. Самы час узняць яго напярэдадні новага навучальнага года. Сёння пра фарміраванне культуры здаровага харчавання навучэнцаў расказвае тэхнолаг Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый раёна Анастасія Яноўская.
– Анастасія Ігараўна, нагадайце, калі ласка, бацькам, чым пагражае дзецям “нездаровая” ежа.
– Правільна арганізаванае харчаванне з’яўляецца адным з самых важных фактараў для паўнавартаснага жыцця. І ў гэтым плане бацькі нясуць надзвычай сур’ёзную адказнасць перад сваімі дзецьмі.
Адзін з найважнейшых складнікаў ежы – бялок. Яго недахоп прыводзіць да адставання ў росце, парушэнняў развіцця, зніжэння імунітэту.
Кожны дзень у рацыёне дзіцяці павінна быць мяса, сметанковае масла, малако, хлеб, крупы, свежая агародніна і садавіна. Два-тры разы на тыдзень трэба абавязкова ўжываць рыбу, яйкі, смятану, тварог і іншыя кісламалочныя прадукты, сыр.
Злоўжыванне фаст-фудам, чыпсамі, сухарыкамі, салодкімі батончыкамі можа нанесці непапраўную шкоду дзіцячаму здароўю з-за празмернай колькасці ў іх солі або цукру, сінтэтычных фарбавальнікаў, узмацняльнікаў смаку.
– Некаторыя вучні якраз і замяняюць школьныя абеды на шкодныя прысмакі…
– Ні ў якім разе нельга адмаўляцца ад гарачага харчавання, арганізаванага ў школе. Яно спрыяе добраму настрою, высокай разумовай працаздольнасці, паспяховасці ў вучобе і спорце.
У школьнае меню ўключаны кашы, макаронныя вырабы, малочныя прадукты, мяса, рыба, салаты, агародніна і садавіна, чай, фруктовыя сокі і напіткі, кандытарскія вырабы. Прадукты школьнага харчавання багатыя на вітаміны. Каштоўнасць абедаў адпавядае ўзроставым фізіялагічным патрэбнасцям дзяцей.
Апетыту садзейнічаюць і прывабныя абедзенныя залы ва ўстановах адукацыі: са свежымі рамонтамі, сучасным абсталяваннем і мэбляй, новымі сталовымі прыборамі і посудам, аздабленнем на сценах. Прыемна зайсці. У той жа час нават знешні выгляд школьнай сталовай і буфета павінен адпавядаць прынцыпам здаровага харчавання і садзейнічаць фарміраванню здаровага ладу жыцця ў дзяцей.
– Якія яшчэ мерапрыемствы праводзяцца ў гэтым кірунку?
– Ва ўстановах арганізавана работа з дзецьмі і іх бацькамі. Школьнікам у ходзе класных гадзін, гутарак закладваюцца асновы гігіены і рэжыму харчавання, даецца ўяўленне пра карысныя прадукты, неабходныя пажыўныя рэчывы і да т. п. З бацькамі вядзецца асветніцкая работа, іх уцягваюць у працэс фарміравання культуры здаровага харчавання ў сям’і. Cпецыяльныя даследаванні, праведзеныя расійскімі спецыялістамі, паказалі, што харчаванне дзяцей у сям’і часцей за ўсё нерацыянальнае. У шматлікіх сем’ях, нават у сельскай мясцовасці, на сталах мала агародніны, садавіны, малочных прадуктаў, а перавага аддаецца каўбасным і кандытарскім вырабам. І толькі 20 працэнтаў бацькоў знаёмыя з агульнымі прынцыпамі арганізацыі здаровага харчавання. Існуе меркаванне, што ў Беларусі прыкладна такая ж статыстыка, таму ёсць над чым працаваць. Сістэмная работа бацькоў і педагогаў можа дапамагчы дзецям змяніць смакавыя прыхільнасці, навучыць рабіць свядомы выбар на карысць здаровага харчавання.
Таццяна Цімашчук, раённы педыятр:
– Дзіця павінна ўжываць разнастайныя харчовыя прадукты. На сняданак яму ў абавязковым парадку трэба гатаваць гарачую ежу (кашу, запяканку, тварожныя або яечныя стравы) і гарачы напой (чай, какаву, кававы напой). Дадаткова можна даць агародніну, садавіну, ягады, арэхі, ёгурт – гэта крыніцы вітамінаў, мікраэлементаў і клятчаткі.
На абед пажадана падаваць агародніну ў нарэзцы ці салату з яе, першую страву, другую з мяса або рыбы, агароднінны або крупяны гарнір, напой (кампот, кісель).
Патрэбна ўзбагачаць харчаванне зяленівам, хлебам з вітаміннымі дабаўкамі і іншымі карыснымі прадуктамі.
Лепш аддаваць перавагу стравам, прыгатаваным на пары, тушаным, адварным, запечаным, а не смажаным.
Важна рэгулярна прымаць ежу – не радзей чым пяць разоў у дзень, устаноўлены рэжым спрыяе яе найлепшаму засваенню.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.