Тренером вернулась в Докшицкую ДЮСШ бывшая воспитанница Кристина Чернобрисова

Крысціна Чарнабрысава на Кубку дзвюх рэк.

Крысціна Чарнабрысава (справа) на Кубку дзвюх рэк.

Дакшычанка Крысціна Чарнабрысава працуе трэнерам Докшыцкай ДЮСШ. Менавіта тут некалі адбылося яе першае знаёмства з дзюдо. Яшчэ школьніцай прыйшоўшы на трэніроўку “за кампанію” з сяброўкай, Крысціна і не думала, што адзінаборства стане для яе больш чым спорт.

– Спачатку было проста цікава, – адзначае суразмоўца. – З цягам часу пачала разумець, што дзюдо яшчэ і філасофія, стыль жыцця. Гэтаму вучыла наш трэнер Алена Анатольеўна Таляронак. Тут мала валодаць прыёмамі. Трэба ўмець настроіць сябе духоўна. Толькі так можна дасягнуць поспеху. І ён быў. Спачатку на абласных спаборніцтвах, потым на рэспубліканскіх. Перамогі натхнялі, і калі мне прапанавалі пайсці ў вучылішча алімпійскага рэзерву, ніколькі не раздумвала. Падчас вучобы ў Віцебску некалькі разоў удзельнічала ў спаборніцтвах у Расійскай Федэрацыі. У першынствах Рэспублікі Беларусь выступала яшчэ і ў самба. Адна з самых значных узнагарод для мяне – гэта залаты медаль на рэспубліканскіх алімпійскіх днях моладзі. Дарэчы, дзякуючы перамозе мела магчымасць па-за конкурсам паступіць у Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Там і атрымала спецыяльнасць выкладчыка па фізічнай культуры. Вучыцца вельмі падабалася, таму пасля атрымання дыплома пайшла далей – у магістратуру. З чырвоным дыпломам размеркавалася ў Наваполацкі ФСК, дзе два гады працавала інструктарам-метадыстам па фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай рабоце.

– Увесь гэты час мы вельмі чакалі Крысціну ў спартыўнай школе, – гаворыць дырэктар установы Марына Ярмаковіч. – З ліпеня 2024 года вопытны спецыяліст была ўжо інструктарам-метадыстам у нас. А з верасня стала весці заняткі па дзюдо ў Бягомльскай СШ імя С.С. Манковіча. Вельмі прыемна, калі нашы былыя выхаванцы вяртаюцца ў сваю альма-матар у якасці трэнераў. У свой час Докшыцкая ДЮСШ натхніла на выбар прафесіі і мяне, а таксама Алену Аліноўскую, Алену Таляронак, Віктара Сенчыка, Алену Касцюк, Арцёма Кучыца, якія і сёння аддана займаюцца выхаваннем будучых чэмпіёнаў.

У Бягомлі на трэніроўкі да Крысціны Паўлаўны штодзень спяшаюцца каля сарака юных дзюдаістаў узростам ад дзевяці да пятнаццаці гадоў. Самыя мэтанакіраваныя актыўна ўдзельнічаюць у абласных спаборніцтвах, з якіх прывозяць узнагароды. Трэнер з’яўляецца для іх добрым прыкладам у самаўдасканаленні. Два гады запар Крысціна прымае удзел у Кубку дзвюх рэк, які ладзіцца ў межах рэспубліканскага фестывалю “Дзве ракі”. А амаль два месяцы таму на базе Бягомльскай СШ яна пачала праводзіць заняткі па фітнесе для дарослых.

– Трэніроўкі праходзяць па вечарах тры разы на тыдзень, – гаворыць Крысціна. – Ахвотных шмат. Для работы выкарыстоўваем розны спартыўны інвентар: стэп-платформы, мячы, гантэлі, гімнастычныя палкі і іншае. Увогуле, фітнес – гэта лад жыцця, які ўключае ў сябе рэгулярныя фізічныя нагрузкі, правільнае харчаванне і выкананне рэкамендацый па арганізацыі паўсядзённай актыўнасці. Невялікі вопыт у гэтым кірунку набыла ў Наваполацку. Яшчэ падчас вучобы вывела для сябе формулу не толькі ў спорце, але і ў жыцці. Настрой – гэта той рухавік, які дазваляе пераадольваць складанасці і дасягаць пастаўленых мэтаў. Важна разумець, што кожная перамога – вынік не толькі фізічнай падрыхтоўкі, але і псіхалагічнай стойкасці. Таму стараюся заставацца пазітыўнай, нават калі сутыкаюся з няўдачамі. Кожны дзень – гэта новая магчымасць стаць лепшай версіяй сябе, таму імкнуся выкарыстоўваць такую магчымасць на поўную моц.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *