Масштабная реконструкция объектов теплоэнергетической инфраструктуры прошла в Бегомле

Іван Мажэй.

Іван Мажэй.

Цяпло і камфорт у шматкватэрных дамах, надзейнае забеспячэнне імі сацыяльных аб’ектаў і клопат пра экалогію – вось тыя прыярытэтныя задачы, якія ставіць перад сабой РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”. 

Адным з ключавых момантаў у гэтым кірунку стала маштабная рэканструкцыя цеплаэнергетычнай інфраструктуры ў Бягомлі. Рэалізацыя праекта на практыцы даказала, што сучасныя тэхналогіі здольны не толькі знізіць затраты на энергарэсурсы, але і палепшыць экалагічную абстаноўку.

Ацяпляльны сезон – гэта строгі экзамен для камунальнай службы. Каб вытрымаць яго, падрыхтоўка пачынаецца задоўга да першых халадоў. Рэканструкцыя кацельні “Бягомль–Бальніца” стала своечасовай мерай, якая патрабавала фінансавых укладанняў. Арыентаваны кошт усталяванага на кацельні сучаснага высокатэхналагічнага абсталявання склаў 5 мільёнаў 890 тысяч рублёў. Сродкі былі накіраваны на тое, каб цалкам абнавіць тэхнічнае “сэрца” аб’екта. На змену неэканамічным катлам, якія ўжо не маглі забяспечваць неабходны каэфіцыент карыснага дзеяння, часта рамантаваліся, прыйшло сучаснае абсталяванне. Зараз кацельня працуе на трох відах паліва – шчапе, пелетах і прыродным газе. Напрыклад, кацёл на шчапе функцыянуе па прынцыпе аўтаматызаванага спальвання драўняных адходаў. Паліва трапляе з бункера ў топку, дзе гарыць з высокай эфектыўнасцю. Выдзяляемае цяпло падаграе ваду, якая цыркулюе па сістэме ацяплення, а аўтаматыка кіруе падачай паветра і выдаленнем попелу.

Абноўленая кацельня мае стратэгічнае значэнне для гарадскога пасёлка, бо яна стабільна абагравае і забяспечвае гарачай вадой шэсць шматкватэрных жылых дамоў, тры блакіраваныя дамы на вуліцы Лепельскай, а таксама мясцовы дзіцячы сад і спецыяльную школу-інтэрнат.

Рэканструкцыя закранула не толькі ўнутранае тэхнічнае аснашчэнне аб’екта, але і яго знешні выгляд. Вытворчая пляцоўка таксама выведзена на эстэтычна новы ўзровень. Прылеглая да кацельні тэрыторыя цалкам добраўпарадкавана і агароджана. Тут створаны зручныя пад’езды для спецтэхнікі. Пабудаваны навес для часовага захоўвання шчапы, а таксама новае памяшканне агрэгатнай, куды аўтаматызаваным спосабам падаецца паліва.

– Рэканструкцыя кацельнай гаспадаркі – гэта сур’ёзны крок наперад у пытаннях надзейнасці і якасці паслуг, якія мы аказваем, – звяртае ўвагу начальнік Бягомльскага ўчастка РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Юрый Кукуля. – Устаноўка новых катлоў і пераход на сучасныя аўтаматызаваныя сістэмы кіравання дазволілі мінімізаваць уздзеянне  чалавечага фактару на работу кацельні. Дзякуючы абноўленаму абсталяванню мы ўваходзім у ацяпляльны перыяд з упэўненасцю. Тэмпературны рэжым у дамах і ўстановах будзе строга адпавядаць усім сацыяльным стандартам, а аварыйнасць на сетках звядзецца да нуля.

Сёння нават самае сучаснае аўтаматызаванае абсталяванне патрабуе граматнага кіравання. На аб’екце нясуць вахту вопытныя і адказныя аператары кацельні – Вадзім Шыла, Віктар Мазураў, Віталій Бацэка і Іван Мажэй. Яны пазменна кантралююць параметры ціску, тэмпературы і падачы паліва.

Доля мясцовых відаў паліва ў паліўна-энергетычным балансе па РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” за студзень – снежань 2025 года склала 97,59 працэнта.

Развіццё Бягомля немагчымае без пашырэння жыллёвага фонду. Добрай навіной для тых, хто стаіць на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, стала будаўніцтва новага шматпавярховіка на вуліцы Лепельскай. Яшчэ адным падарункам для мясцовых жыхароў стане асфальтаванне вуліц. Літаральна ў жніўні дарожнікі прыступяць да ўкладкі новага пакрыцця на вуліцах П. Панчанкі, Машэрава і Бірукова. Такім чынам, Бягомль становіцца яшчэ больш утульным і прывабным для жыцця.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *