Одной семьёй живут сельчане в деревне Козики Докшицкого района
Па праўдзе кажучы, наведваць гэту вёску, што ў Докшыцкім сельсавеце, у бліжэйшы час планаў не мелі. Пад фармат нашага праекта “Вёсачка мая”, у якім расказваецца пра тыя населеныя пункты, дзе жыхароў засталося зусім няшмат, Козікі не падыходзяць: круглы год там свецяцца вокны ў дванаццаці дамах, а з вясны да позняй восені жыццё кіпіць ажно ў трыццаці трох. Аднак ураджэнец вёскі, у мінулым ваенны камісар раёна і старшыня Тумілавіцкага сельскага Савета дэпутатаў Генадзь Вацлававіч Пацэвіч так ярка і вобразна распавёў пра сваю малую радзіму, пра нядаўняе свята вёскі, што не завітаць туды не бачылася ніякай магчымасці. Паехалі, правялі з месцічамі некалькі гадзін і вярнуліся ў поўным захапленні: там так здорава!
Адна сям’я
Так характарызуе вяскоўцаў старэйшына Таццяна Касцюк. Што гэта не галаслоўна, адразу атрымліваем пацвярджэнне: Таццяна Рыгораўна робіць некалькі тэлефонных званкоў – і праз хвіліну з усіх бакоў да нас, кінуўшы хатнія справы, спяшаюцца і пастаянныя жыхары, і дачнікі, якія ў большасці праводзяць лета ў бацькоўскіх хатах. Літаральна патанаем у прыязнасці, усмешках і ледзь паспяваем занатоўваць усё, што распавядаюць новыя і старыя знаёмыя. Адразу вылучылі адну адметнасць: усе суразмоўцы саромеюцца гаварыць пра свае вартасці і таленты, а вось пра аднавяскоўцаў – з непадробным захапленнем. “Напішыце, што наша Рая Кабурнеева пячэ самыя смачныя ў свеце булачкі!”, “А па закрутках на зіму няма роўных Аліне Квяцінскай”, “У Тані Касцюк у лазні мыюцца ўсе, хто пажадае”, “А Света Каляга як спявае! І ўсе песні ведае: мы ў яе словы перапісваем…” – наперабой распавядалі. З агеньчыкам у вачах згадалі ўсіх, а жывуць у Козіках і беларусы, і расіяне, і ўкраінцы – у добрай згодзе.
– Мы, калі справа якая, дык гуртам за яе бяромся, – адзначыла Таццяна Рыгораўна, жанчына невыказна абаяльная, а ў дадатак яшчэ маленькая электрастанцыя пазітыўнай энергіі – старэйшыне толькі такой і быць. Распытваем падрабязней, што ж гэта за такія
Агульныя справы
– А вось на новы паклонны крыж сабралі грошы ўсёй вёскай – ніхто не адмовіў! – і ўстанавілі святыню сёлета ў ліпені ў цэнтры, у скверыку, а айцец Павел Іоська яго асвяціў, – дзеляцца радасцю. А яшчэ дзякуюць за работу па ўстаноўцы Аляксандру Кругляніну і яго памочнікам Сяргею Чарвінскаму і Аляксандру Калягу. І тут жа: “Чулі ж, можа, як наш Саша Круглянін спявае і грае? А яшчэ ён песні сам піша!” З гордасцю расказваюць, як адваявалі частку старых ліп, якім пагражала знішчэнне, як атрымалі летась да дня вёскі падарунак ад сельвыканкама ў выглядзе дыхтоўнай альтанкі (тут наперабой падзякі старшыні сельскага Савета дэпутатаў Анатолію Сценніку і майстру Ігару Касцюку, які тую альтанку зрабіў). Дарэчы, у ёй мы і сабраліся на сустрэчу і ў ёй жа дружныя козікаўцы збіраюцца штовечар на чаяпіцце з рознымі прысмакамі і сумеснае спяванне песень. Тут рэй вядзе, вядома ж, Святлана Каляга, у мінулым салістка народнага ансамбля народнай песні “Раніца”. Аднак Святлана Іванаўна зазначае, што Козікі багатыя на моцныя і прыгожыя галасы, у чым пераканаліся адразу, бо жанчыны “грохнулі” некалькі песень – заслухацца. Купалле там святкуюць як належыць (мінчанка Валянціна Модаль гэтага ініцыятар) – з кастрамі і пошукам папараць-кветкі, вечары сустрэчы школьных сяброў улетку праводзяць: “Якое там аднакласнікі – усіх збіраем, хто з кім калі вучыўся”, – рагочуць. І слова “талака” ў вёсцы не забытае ў самым шырокім сэнсе.
– Моцна ўдзячныя мы культработнікам з Крыпуль, Бярозаўкі і Гняздзілава за арганізацыю святаў вёскі, а таксама дырэктару РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Дзмітрыю Сцяпанавічу Калягу за тое, што ён як дэпутат пасадзейнічаў нам з рамонтам вуліцы Савецкай і выезду з яе, – гаворыць Таццяна Касцюк і дадае: – Мы былі б зусім шчаслівыя, каб у нас заасфальтавалі невялікі, кіламетр усяго, участак дарогі да вёскі ад цэнтральнай трасы, – тады б мелі ўсё для поўнага камфорту пражывання. Вельмі аб гэтым просім! А так усё маем, а калі ў кагосьці чаго няма, падзелімся.
Замест пасляслоўя
Ведаеце, што самае складанае для журналіста? Калі ў матэрыял ён не можа ўмясціць не толькі свае ўражанні і эмоцыі, але і распавесці пра ўсіх і ўсё, што іх выклікала. Не з усімі жыхарамі атрымалася пазнаёміцца: хтосьці быў на рабоце, нехта падаўся ў грыбы, іншыя – па справах у райцэнтр. А па словах аднавяскоўцаў, гэта таксама цікавыя, творчыя, шчырыя і неабыякавыя людзі. А колькі расказалі суразмоўцы пра мінулае сваёй вёскі, пра яе традыцыі і адметнасці, пра тых, хто жыў тут раней і пакінуў пра сябе светлую памяць! Без працягу не абысціся, і ён абавязкова будзе!
Старонку падрыхтавала Алена Несцяронак. Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА, аўтара і з асабістага архіва герояў публікацыі.





