К каждому пациенту нужен особый подход, — так считает медсестра из Докшицкой ЦРБ

Хвароба – гэта заўсёды непрыемна. Аднак, калі яе можна вылечыць дома, то гэта яшчэ цярпіма. А вось, калі прыходзіцца змагацца з ёй у палатах бальніцы… Разнастайныя працэдуры, захоўванне пасцельнага рэжыму – усё гэта так надакучвае. І хто, як не медыцынскі персанал у такой сітуацыі можа ўзняць настрой? Бывае, што праяўлены клопат да чалавека – лепш за лякарства.

– Паставіць кропельніцу і зрабіць уколы – гэта далёка не ўсё, што я павінна ўмець рабіць, – лічыць медсястра тэрапеўтычнага аддзялення ЦРБ Наталля Чантарыцкая. – Галоўнае – трэба быць гатовай да ўсяго, паспяваць зрабіць абсалютна ўсё, што табе скажуць.

Пасля заканчэння Аршанскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Наталля вярнулася працаваць у Докшыцы. Ужо другі год яна стараецца да кожнага пацыента знайсці падыход. Лічыць, што, калі хворы капрызны, калі ўсё яму не так, то да яго трэба адносіцца лагодней, мякчэй. Калі ж непаслухмяны – то і медсястры трэба дзе-нідзе “павысіць ноты ў голасе”. Але наконт патрабавальнасці Наталлі пацыенты нічога супраць не маюць, наадварот, лічаць яе ўжо даволі вопытным спецыялістам, хаця і маладым.

– Іншы раз у хворага вены на руцэ амаль нябачна, а яна так хутка яе знойдзе, паставіць кропельніцу, выйдзе з палаты, а вернецца ў той момант, калі яна толькі-толькі заканчваецца. Адным словам, спецыяліст сваёй справы, – так гавораць пра медсястру пацыенты.

Падчас размовы з Наталляй, зрабіла вывад для сябе, што яна нешматслоўная і замкнёная.

– Вы заўсёды такая, ці толькі на працы? – пытаюся.

– Я па жыцці чалавек з цвёрдым характарам. Сакрэты нікому не давярала, акрамя адзінага чалавека, якога, на жаль, сёння ўжо няма ў жывых, – сваёй бабулі. Мабыць таму, што характарамі мы з ёй былі вельмі падобныя. А ўвогуле, я ўмею весяліцца і будаваць планы на будучае.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *