В фермерском хозяйстве «ЛайкПОЛ» Докшицкого района создан лагерь труда и отдыха для детей

IMG_9817

Лагеры працы і адпачынку для школьнікаў-падлеткаў створаны, лічы, пры кожнай школе. За змену, якая доўжыцца на працягу трох тыдняў, дзеці паспяваюць не толькі адпачыць, навучыцца згуртавана жыць, сябраваць, але і зарабіць грошы на свае расходы.

Фермерская гаспадарка “ЛайкПОЛ”, якую ўзначальвае Юзэф Казіміравіч Касцюк, прыняла на летнюю практыку, а дакладней, прадаставіла ўнікальную магчымасць навучыцца зарабляць грошы падлеткам чатырох школ раёна: Парплішчанскай, Крулеўшчынскай, дзвюх Докшыцкіх. На палетках прадпрыемства дзеці адказна працуюць, стараюцца палюбіць тое, што робяць, урэшце, зарабляюць грошы, што найбольш важна. 120 тысяч беларускіх рублёў за 5 гадзін рабочага часу ці за два дні – лёгка. Больш чым тры гадзіны ў дзень ніхто не працуе. Дзеці не стамляюцца, а карысць прыносяць і сабе, і грамадству.

Гаспадар прадпрыемства Юзэф Касцюк расказвае:
– Нам выгадна працаваць з моладдзю. Па-першае, рабочы працэс ідзе арганізавана. 75 хлопцаў і дзяўчат пад наглядам настаўнікаў працуюць дружна і зладжана. Праўда, напачатку трэба было крыху падрэгуляваць дысцыпліну, звярнуць увагу на якасць выканання работы, эканомію і беражлівасць. Па-другое, такая колькасць дзяцей за кароткі тэрмін збірае да тоны ягад. Пару гадзін трацім на афармленне патрэбных дакументаў і падрыхтоўку на вываз, да прыкладу, у Наваполацк, з якім у нас наладжана стабільная доўгатэрміновая дзелавая сувязь. Там наш тавар чакаюць з нецярпеннем. Ніякай канкурэнцыі не вытрымліваюць клубніцы, якія паступаюць у гандлёвыя кропкі з Паўночных краін. Наша прадукцыя свежая, экалагічна чыстая, мае добры таварны выгляд. Сабраныя да поўдня ягады да вечара ўжо раскупліваюцца. Попыт на іх у гараджан вялікі, дарэчы, як і ў мясцовых жыхароў. Па ягады прыязджаюць не толькі з Докшыц і навакольных вёсак, але і з Глыбокага, Пастаў, Шаркаўшчыны, Браслава… У пашане яны ў сталічных гасцей, якія адпачываюць у сваякоў, санаторыях. Колькасць жадаючых на іх не змяншаецца. Значыць справа — вартая пераймання.

Замест «хабзы»

Зараз гаспадары “ЛайкПОЛа” займаюцца рэканструкцыяй старога памяшкання былой Барсукоўскай школы. Плануюць ужо сёлета пусціць у дзейнасць. Па словах Юзэфа і яго прадпрымальнай жонкі Аксаны, яны плануюць даць магчымасць падрастаючаму пакаленню навучыцца любіць зямлю на практыцы і паспрабаваць яе сілу сваімі рукамі. У Польшчы, да прыкладу, існуе вялікая колькасць на наш лад прафтэхвучылішчаў. Там вучаць моладзь вырошчваць кветкі і садавіну, агародніну і ягады, маладняк дрэў, кустоў, лічыць эканамічны эфект ад зробленага і г.д. У нас, разважае гаспадар “ЛайкПОЛа”, бясконца прапаноўваюць, напрыклад, вучобу на цырульніка, а значыць, хутка на аднаго майстра цырульнай справы будзе па 5 чалавек… А колькі спецыялістаў на адзін гектар зямлі? У Польшчы стаіць праблема, дзе прайсці практыку, бо шмат жадаючых вывучыцца на спецыяліста-аграрніка, а ў Беларусі не хапае спецыялістаў, жадаючых працаваць на зямлі. Няма таго ўяўлення, што зямля— крыніца даходу, залаты фонд краіны. Трэба вучыцца зарабляць грошы з зямлі. І тады знікне непатрэбная прымаўка: “Ад работы на зямлі не забагацееш, а толькі згарбацееш”.

Адукаваны земляроб

Юзэф Касцюк па нацыянальнасці паляк, па адукацыі эканаміст. У свой час скончыў Варшаўскі сельскагаспадарчы інстытут. Дыпломную работу пісаў па тэме эканомікі ў агародніцтве. Мае пэўныя веды ў кветкаводстве, садаводстве, гадавальніцтве і ўкараняе іх на практыцы. У доўгатэрміновай арэндзе “ЛайкПОЛ-Агра” знаходзіцца каля 275 гектараў зямлі. На іх прадпрымальны паляк вырошчвае капусту і буракі, моркву і памідоры, з ягадных культур—чорныя парэчкі, чорную рабіну і клубніцы. Заклаў больш чым тры гектары пад яблыневы сад.
Касцюк лічыць, што грэх беларусам не мець у дастатковай колькасці ягад і садавіны. Кліматычныя ўмовы дазваляюць вырошчваць усё, справа стаіць толькі за ініцыятывай здольных людзей, якія б маглі арганізаваць вытворчы працэс. У першую чаргу трэба пралічыць эканамічны эфект, а значыць тое, што дасць штуршок для далейшага развіцця, вызначыць, што і на якім участку пасадзіць, дзе і якую ўзяць расаду, якую прымяніць тэхналогію, хто будзе займацца пасадкай, праполкай, уборкай. Вось і ўсё. Фермер-паляк перш, чым штосьці прыняць, спачатку лічыць. А ў практыцы іншы раз бываюць пралікі. Напрыклад, напачатку дзейнасці ў “ЛайкПОЛе” пасадзілі 45 гектараў маліны. У сезон збору работай была забяспечана тысяча чалавек. Але маліна не вытрымала катаклізмы прыроды – вымерзла. Паспрабаваў гаспадар садзіць агуркі і памідоры на вялікай плошчы. Таксама не атрымалася. Зараз вырошчваецца па 3 гектары названых культур, ад якіх можна атрымаць невялікі прыбытак і такую ж страту пры неспрыяльных умовах. Стабільны прыбытак даюць бульба, капуста і, канечне, клубніцы.

Тэхналогія — гэта важна

Сёлета клубніцы вырошчваюць у “ЛайкПОЛе” на васьмі гектарах: з пяці гектараў здымаюць ураджай, а тры з паловай заняты маладымі пасадкамі, якія да наступнага сезона стануць моцнымі і будуць пладаносіць. А вось пасаджаныя мінулай восенню з мэтай паскоранага плоданашэння за зіму вымерзлі. Капрызам надвор’я пярэчыць цяжка. У прадпрыемстве плануюць давесці плошчу пад клубніцамі да 20 гектараў. І вырошчваць будуць іх па новай тэхналогіі – дашчаванні. Клубніцы, як любыя іншыя ягады, маюць патрэбу ў вільгаці і даюць добры ўраджай на вільготнай глебе, праўда, не пераносяць пераўвільготненасці. Цяперашняя тэхналогія вырошчвання, а значыць, калі паміж радкамі клубніц расце трава, не апраўдала сябе на 100 працэнтаў. Як паказала практыка, шчыльная пад сваёй цяжкасцю зямля слаба прымае вільгаць і не назапашвае яе. У выніку маса ягад просіцца быць большай. Спадзяюцца дабіцца гэтага за кошт высцілання паміж радкамі саломы.
Для павышэння ўраджайнасці салодкай далікатнай культуры замест мінеральных угнаенняў уносяць у глебу мікраэлементы. За кошт гэтага расліны не галадаюць, іх рост не стрымліваецца, няма тармажэння ў фарміраванні пладоў. Урэшце, ягады атрымліваюцца экалагічна чыстыя і смачныя: галандскай селекцыі – з кіслінкай, польскай – салодкія.
На думку эканомнага Касцюка, укласці ў тэхналогію немалыя сродкі выгадней, чым затраціць мала, бо ў канчатковым выніку атрымаеш яшчэ менш.

Усё пачынаецца з дзяцінства

IMG_9779Юзэф усё дзяцінства правёў з бацькамі на палях. Патомныя хлебаробы на сваім прыкладзе вучылі сына сялянскай працы, якая прыносіць даход у сям’ю і задавальненне ў сэрца. Таму ў юнацтве выбар прафесіі хлебароба быў невыпадковым. Знайшоў сябе Касцюк на беларускай зямлі, дзе жыла яго каханая дзяўчына – цяперашняя жонка. Прырос каранямі да нашай Айчыны. І дачушак сваіх гадуе ў любові да зямлі, якая корміць і поіць іх. Вучыць дзяўчынак працаваць. Пакуль мы гутарылі пра справы надзённыя, планы на будучае, Юліська не адыходзіла ад бацькі. Хілілася сваёй шчочкай да яго моцных грудзей. У прамежку паміж нашай размовай сказала: “Пасля палудня я іду на плантацыю”. Думаецца, што з цягам часу бацьку будзе каму перадаць сваю справу.

НА ЗДЫМКАХ: 1. Вучнёўскі атрад на ўборцы клубніц. 2. Маленькая гаспадыня Юліська пад крылом бацькі-фермера.

Матэрыял падрыхтавалі Аляксандр
Варанковіч (фота) і Нэлі Бяляўская.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *