С последствиями ветровала в Червене помогает бороться Бегомльский лесхоз

Ураган, які пранёсся па тэрыторыі рэспублікі 13 ліпеня, Міністэрства лясной гаспадаркі ацэньвае як адзін з самых разбуральных за гісторыю існавання галіны. Пашкоджаны 3,2 мільёна кубаметраў драўніны на плошчы амаль у 12,8 тысячы гектараў. Відовішча былога лесу, ад якога засталіся адны зламаныя дрэвы, нагадвае апакаліптычную карцінку фантастычнага кіно. Толькі яна абсалютна рэальная. Нашаму раёну пашчасціла не трапіць у стужку навін на тэму разгулу стыхіі, як гэта было з даволі блізкай тэрытарыяльна Шаркаўшчынай. Асобныя выпадкі падзення дрэў ці абрыву электраліній назіраліся, аднак гэта, дзякуй богу, не мела частага і жахлівага характару.
Асноўны ўдар стыхіі прыняла на сябе Мінская вобласць: 2,9 мільёна кубаметраў драўніны на плошчы больш чым 11 тысяч гектараў знішчаны ўраганным ветрам. Найбольшая шкода нанесена Смалявіцкаму і Чэрвеньскаму лясгасам.

444Зараз усе сілы накіраваны на ліквідацыю наступстваў ветравалаў. На дапамогу пацярпелым рэгіёнам разам з прадстаўнікамі іншых лясгасаў вобласці накіраваны і супрацоўнікі ДЛГУ “Бягомльскі лясгас”.

Як паведаміла карэспандэнту намеснік дырэктара ўстановы па ідэалагічнай рабоце Алена Вішнеўская, на базе Смалявіцкага лясгаса Мінскай вобласці арганізавана работа галіновага штаба па ліквідацыі наступстваў урагану пад кіраўніцтвам міністра лясной гаспадаркі Міхаіла Амельяновіча. Работнікі лясной галіны не ўпершыню займаюцца ліквідацыяй разбуральнай дзейнасці стыхіі. Адзін з апошніх буйных ветравалаў быў у 2008 годзе пад Беразіно.
Ужо ў першыя гадзіны пасля стыхіі, акрамя лясгасаў, на ліквідацыю яе наступстваў былі накіраваны супрацоўнікі дарожных службаў, МНС, ДАІ і іншыя.
Што тычыцца самой распрацоўкі ўжо былых лясных масіваў, то было вырашана накіраваць лясгасы сталічнага ДПЛГА на дапамогу Смалявіцкаму лясгасу. А вось у Чэрвеньскім сканцэнтраваны сілы астатніх абласцей.
Перад лясгасамі пастаўлена задача да 1 лістапада распрацаваць даступныя ўчасткі ветравалу. Для бураломных лесасек, куды дабрацца значна цяжэй (а гэта каля 10 працэнтаў ад агульнага аб’ёму), тэрмін падоўжаны да 1 сакавіка 2017 года.
Ужо другі тыдзень на тэрыторыі Чэрвеньскага лясгаса працуюць нашы землякі з Бягомльскага лясгаса.
– Вопыт распрацоўкі маштабных пашкоджанняў у нашых супрацоўнікаў ёсць. Але, калі параўноўваць з тым жа 2008 годам, трэба вылучыць пэўныя паляпшэнні. – Каментуе Алена Вішнеўская. – За гэты час ва ўстанове праведзена значнае тэхнічнае пераабсталяванне, на змену ручной працы вальшчыка прыйшла шматаперацыйная тэхніка – харвестэры. Зараз у Чэрвеньскім лясгасе іх працуе тры, яшчэ туды накіраваны два фарвардэры. Драўніну мы набываем на корані, усяго было куплена 15 тысяч кубаметраў. З-за масавага пашкоджання дрэў вядзецца суцэльная санітарная рубка. Частка лесаматэрыялу адгружаецца ў цэх, балансавая драўніна накіроўваецца на ўчастак адгрузкі вагонаў. Адходы будзем перапрацоўваць у шчэпкі. Адводы лесасек вялі ўласнымі сіламі. У Чэрвені працавала брыгада з чатырох чалавек пад кіраўніцтвам начальніка лесапункта Р. Зінкевіча. Для забеспячэння належных умоў жыцця для камандзіраваных на барацьбу са стыхіяй арганізацыя прыняла рашэнне набыць прычэп-дачу на пяць месцаў, своеасаблівы дом на колах. Мы абсталявалі яго ўсім неабходным для камфортнага знаходжання. На распрацоўцы пашкоджаных лесасек спатрэбіцца і ручная праца вальшчыкаў.

Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота з сайта lesgazeta.by

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *