В Докшицком районе живёт столяр-самоучка

IMG_8927Ці ведаеце вы, што карыстаючыся падчас трапезы драўлянай лыжкай, вы ніколі не зможаце апячыся, а ежа стане ў сто разоў больш смачнай і духмянай? Пра тое, што драўляныя вырабы не толькі бяспечныя, але і карысныя, добра ведае сталяр-самавучка з Маргавіцы Леанід Свірко (на здымку). З гэтым чалавекам давялося пазнаёміцца на траецкім кірмашы ў Таргунах.
Майстэрствам выразаць розныя рэчы з дрэва ён авалодаў яшчэ ў юнацтве.
– Сталярнае рамяство – вельмі неабходная рэч у гаспадарцы, – сцвярджае Леанід Аляксеевіч. – Асадзіць тапор, вырабіць кассё ці дзяржанне для лапаты – звычайныя патрэбы жыхароў вёскі. Спачатку ўсе гэтыя рэчы я выразаў для сябе, потым – для суседзяў і знаёмых. Вось так і ўцягнуўся. Так сказаць, знайшоў агульную мову з дрэвам. Да таго ж такая праца супакойвае, паляпшае настрой. Кожнае дрэўца дае сваю энергію. Мне больш падабаецца працаваць з ліпай. Гэта драўніна белая і лёгкая, амаль не трэскаецца – яе лёгка апрацоўваць. Здаўна яе выкарыстоўвалі для вырабу вытачаных дэталяў мэблі, дэкаратыўнага посуду, нават некаторых дэталяў для музычных інструментаў. З прычыны таго, што ліпа добра гнецца, у старажытнасці з ліпавых дошчачак рабілі складаныя выгібы на карэтах. Гэта дрэва ўстойлівае да вільготнасці і перападаў тэмператур – таму вагонку з ліпы звычайна выкарыстоўваюць для ўнутранага аздаблення лазні.
Але самым любімым вырабам Леанід лічыць драўляныя лыжкі. Не так даўно сталяр-самавучка набыў спецыяльныя разцы, якімі цяпер і стварае кухонныя рэчы. Сваім майстэрствам з задавальненнем дзеліцца з навакольнымі: выязджае на раённыя мерапрыемствы і праводзіць своеасаблівыя майстар-класы з зацікаўленымі.

Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *