Нядрэнна, але не зусім і добра

На чарговым пасяджэнні райвыканкама, якое адбылося ў мінулую пятніцу, былі разгледжаны пытанні падрыхтаванасці аб’ектаў народнай гаспадаркі раёна да работы ў асенне-зімовы перыяд 2010-2011 года і работы спецыялізаваных дарожных службаў па паляпшэнні якасці ўтрымання дарог і прыдарожных палос. Старшыня райвыканкама А.Л. Пінчук засяродзіў увагу намеснікаў старшыні, начальнікаў упраўленняў, аддзелаў райвыканкама, кіраўнікоў арганізацый і ўстаноў на тое, што неабходна рацыянальна выкарыстаць час, каб правесці апошнія прыгатаванні да ацяпляльнага сезону: завяршыць рамонт цеплатрас, нарыхтаваць паліва, адрамантаваць ацяпляльнае абсталяванне. У пастаянным рэжыме павінны весціся работы і па доглядзе стану дарог.

Ці будзе зімой цёпла?

Стварыць умовы для працы сваіх падначаленых – клопат кіраўнікоў рознага ўзроўню. Тэмпературны рэжым ў арганізацыях, на прадпрыемствах і ва ўстановах раёна павінны адпавядаць санітарна-гігіенічным патрабаванням. Пра тое, як будзе забяспечана ўстойлівае функцыянаванне народнай гаспадаркі раёна ў асенне-зімовы перыяд 2010-2011 года ішла прынцыповая размова з кіраўнікамі аддзелаў райвыканкама. Начальнік аддзела архітектуры і будаўніцтва райвыканкама У.У. Пелюх далажыў аб гатоўнасці аб’ектаў народнай гаспадаркі да работы ў названы перыяд. У яго выступленні адзначалася, што ў раёне створаны запасы паліва: дроў – 18925 кубічных метраў пры заданні 22300, торфабрыкету, кускавога торфу – 464 тоны пры заданні 955 тон. РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” выкананы рамонт 11 цеплакрыніц пры плане 18, праведзена замена цепласетак – 0,5 кіламетра пры плане 3,7 кіламетра. Не на патрэбным узроўні вядзецца капітальны рамонт дамоў. Бягучы рамонт інжынерных сетак ацяплення праведзены ў 60 дамах пры плане ў 99 дамах, адрамантавана 1,1 тысячы квадратных метраў кроўлі ў жылых дамах пры плане 3,3 тысячы квадратных мераў. Выканана перакладка 3,85 кіламетраў водаправодных сетак пры плане 2,5 кіламетра.

ДКУБП “Докшыцкая ПМК-52” праведзена дэцэнтралізацыя цеплазабеспячэння адміністрацыйнага корпуса з устаноўкай двух эканамічных катлоў на мясцовых відах паліва, а таксама набыты сушыльныя камеры і кацёл, які працуе на адходах дрэваапрацоўкі.

За 7 месяцаў бягучага года мэтавы паказчык па энергазберажэнні склаў мінус 10,2 працэнта пры заданні на год мінус 10 працэнтаў. Удзельная вага мясцовых відаў паліва за 7 месяцаў бягучага года склала 66 працэнтаў, у тым ліку па РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” – 50,1 працэнта.

Разам з тым, нездавальняюча вядзецца работа райста па стварэнні запасаў паліва, па замене не эканомных катлоў на больш эканомныя аддзелам адукацыі (на кацельнях адміністрацыйнага будынка РАА і УА “Глінская ДАСШ”). Шэраг арганізацый не выканалі даведзены мэтавы паказчык па энергазберажэнні.

Раённы выканаўчы камітэт прыняў рашэнне, якое накіравана на забеспячэнне гатоўнасці народнай гаспадаркі раёна да ўстойлівай работы і бесперабойнага забеспячэння насельніцтва паліўна-энергетычнымі рэсурсамі. Кантроль за выкананнем рашэння ўскладзены на намеснікаў старшыні райвыканкама.

Якасць работ павінна быць лепшай

Па 641,2 кіламетра мясцовых дарог і 220,4 кіламетра рэспубліканскіх аўтамабільных дарог, якія пралягаюць па раёне, забяспечаны бесперабойны круглагадзічны рух аўтамабільнага транспарту. Аб рабоце спецыялізаваных дарожных службаў па паляпшэнні якасці ўтрымання дарог і прыдарожных палос далажыў на пасяджэнні райвыканкама начальнік філіяла ДРБУ № 180 КУП “Віцебскаблдарбуд” А.В. Рамэйка.

У бягучым годзе на тэрыторыі раёна пабудавана і рэканструявана 12,25 кіламетра дарог і 63 пагонныя метры мастоў. Дарожнымі службамі праведзена значная работа (на суму 14 мільярдаў 449 мільёнаў рублёў) па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі на 2005-2010 гады. На суму 10 мільярдаў 636 мільёнаў рублёў выканана работ па добраўпарадкаванні ферм, машынных двароў і шэрагу іншых аб’ектаў сельскагаспадарчых арганізацый. Па выніках 2009 года забяспечана выкананне ўсіх асноўных паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця дарожных службаў.

У шэрагу выпадкаў адзначалася нізкая якасць праведзеных работ, а менавіта: асфальтаванне скрыжаванняў рэспубліканскіх дарог і з’ездаў з асноўных дарог да населеных пунктаў, ямачны рамонт дарог, утрыманне аўтобусных павільёнаў у належным рабочым і санітарна-тэхнічным стане. Каб забяспечыць больш поўнае і якаснае абслугоўванне ўдзельнікаў дарожнага руху, павінен быць лепшым і ўзровень развіцця аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу.

Раённы выканаўчы камітэт прыняў рашэнне, якое забяспечыць выкананне комплекса работ, накіраваных на падтрымку і зберажэнне транспартна-эксплуатацыйнага стану аўтамабільных дарог агульнага карыстання, на ўзроўні, неабходным для забеспячэння бяспекі дарожнага руху.

На пасяджэнні райвыканкама разглядаліся і іншыя пытанні, па якіх былі прыняты адпаведныя рашэнні.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *