Увага кожнаму чалавеку — замест раўнадушша і чэрствасці
Менавіта гэта пытанне стала галоўным на раённым семінары намеснікаў кіраўнікоў прадпрыемстваў і ўстаноў па ідэалагічнай рабоце і намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце ўстаноў адукацыі раёна.
Яго адкрыў старшыня раённага выканаўчага камітэта Алег Пінчук. У сваёй прамове кіраўнік раёна зазначыў, што на тое, каб часовыя цяжкасці эканамічнай сітуацыі ў краіне, якая склалася ў выніку дэвальвацыі беларускага рубля, адмоўна не паўплывалі на свядомасць людзей, усім службовым асобам, а ідэалагічным работнікам у першую чаргу, трэба з павышанай увагай аднесціся да патрэб кожнага чалавека. На жаль, не адзінкавыя выпадкі, калі адсутнасць падобнай увагі выклікана звычайным раўнадушшам чыноўнікаў. Менавіта гэта стала прычынай таму, што ў ААТ ”Таргуны” набытае спецадзенне трымалі на складзе, замест таго, каб раздаць яго працаўнікам. Каб так здарылася, спатрэбілася ўмяшанне асабіста старшыні райвыканкама. Якія вялікія грашовыя выдаткі патрэбны былі дырэкцыі і прафкаму КУП “Докшыцкі”, каб выказаць апошнюю даніну павагі былой даярцы, шматдзетнай маці. Дзеці самі дастойна пахавалі сваю матулю, але засталіся пакрыўджаныя на абыякавасць кіраўніцтва гаспадаркі, ад якога яны чакалі спачування і добрага слова. Пра што думалі чыноўнікі, калі выплату дапамогі па падрыхтоўцы дзяцей з малазабяспечаных сем’яў да школы пачалі амаль у апошнія дні жніўня?
Гэтымі прыкладамі старшыня райвыканкама ўнёс яснасць: у ідэалагічнай рабоце няма дробязей, і ў адносінах да канкрэтнага чалавека любая дробязь становіцца важнай і значнай.
Аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за першае паўгоддзе 2011 года і задачах на наступны перыяд удзельнікам семінара расказала начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Наталля Ждановіч. Па яе інфармацыі, вынікі 7 месяцаў, а таксама аператыўныя дадзеныя за 8 месяцаў паказваюць, што ў раёне назіраецца станоўчая дынаміка выканання даведзеных заданняў сацыяльна-эканамічная развіцця раёна, але ад плана ёсць адставанне. Таму сёння трэба прыкласці максімум намаганняў для выканання прагнозных паказчыкаў, звяртаючы асаблівую ўвагу на імпартаёмістасць прадукцыі, работ, паслуг.
З мерамі, якія прымаюцца дзяржавай для сацыяльнай падтрымкі насельніцтва, пазнаёміў прысутных начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Уладзімір Петрушэнка. У прыватнасці, што датычыцца пажылых грамадзян, то іх сацыяльнае абслугоўванне ў раёне ажыццяўляе Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, які на даму аказвае пажылым і інвалідам 26 відаў паслуг. У цэнтры можна атрымаць тэрміновую сацыяльную дапамогу, кансультацыю, псіхалагічную дапамогу. Жаданым месцам для зносін, карыснага баўлення часу стала для інвалідаў аддзяленне дзённага прабывання.
Пра насычанае клопатам аб радавым працаўніку жыццё Бягомльскага лясгаса расказала намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Алена Курныш.
Пад пастаянным кантролем ідэалагічных работнікаў павінна быць і такая катэгорыя, як абавязаныя асобы. Аб рабоце, якая праводзіцца з імі ў калектывах, далажыла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх пры райвыканкаме Раіса Дуж. Зараз у калектывах працуюць 82 абавязаныя асобы. За кожнай замацаваны адказны работнік прадпрыемства ці гаспадаркі. Тым не менш здараюцца выпадкі прагулаў. Некаторыя больш дзён прагульваюць, чым ходзяць на працу. Таму кіраўнікі такіх гаспадарак, як ААТ “Таргуны”, ДП “Порплішча”, ДП “АграБераснёўка”, СГФ “Бягомльскі”, прыцягнуты да адказнасці за паслабленне кантролю за абавязанымі асобамі.
Аб разнапланавай і мэтанакіраванай выхаваўчай рабоце, якая вядзецца ва УА “Бягомльская ДАСШ”, расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алена Ярмола.
Выступленне напрыканцы семінара начальніка аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Іосіфа Падрэза ўяўляла сабой своеасаблівую праграму дзейнасці для ідэалагічных работнікаў. На думку Іосіфа Іванавіча, ідэолаг павінен умець размаўляць з людзьмі, упэўніваць і супакойваць. Па-за яго ўвагай не павінны заставацца ўмовы працы, быту, адпачынку працаўнікоў. Інфармаванасць і нераўнадушша да патрэб людзей – вось тыя рычагі, якія дапамогуць пазбегнуць непажаданай рэакцыі насельніцтва на часовыя складанасці эканамічнай сітуацыі ў краіне.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.