С оптимизмом по жизни идёт жительница деревни Юхновка Докшицкого района

З Галінай Іванаўнай размаўляць лёгка і весела. Яна бясконца жартуе, пасмейваецца над сабой і,  каб суразмоўцу была больш зразумелай карціна, у свой аповед падкідвае такія красамоўныя слоўцы, што любы пішучы пазайздросціць.

– Гэта ж думала старасць ніколі не настане, – гаруе 78-гадовая бабуля, а сама пры гэтых словах хітра на нас паглядае і чакае камплімента, бо ведае, што на свае гады яна ніяк не выглядае, – а тут прыйшла яна ўсё ж такі. Ужо не магу рабіць таго, што раней. Я бядовая была, песні, танцы любіла да астаноўкі сэрца. На вечарыне забіваюся, а польку гуляю. Як чорт у ва мне сядзеў. Вёрткая, крутая, а да работы дурная. Хапала за траіх. А зараз адно зраблю што за дзень і замаруся.

Выйшла замуж, матулю адну кінулі і паехалі з мужам на цаліну. Добра там жылося, толькі муж поўным алкаголікам стаў. Зусім не стала спакою ў хаце. Я кабета была з гонарам: не хочаш жыць па-людску – і не трэба. А калі збавілася ад п’яніцы – крылы выраслі. Траіх дзяцей у ахапак – і дадому. Пакінула іх у сваёй маці ў вёсцы, а сама паімчала Мінск заваёўваць. Уладкавалася ў рамонтна-будаўнічае ўпраўленне і праз 4 гады атрымала двухпакаёўку. Дзетак забрала, вывучыла і жылплошчай забяспечыла. Калі сама пайшла на пенсію, вярнулася ў сваю Юхнаўку матулю даглядаць. Зараз я замест яе гаспадыня ў радавым гняздзе Камінскіх. Берагу яго для дзяцей і ўнукаў.

Усё, што вы бачыце на сялібе, сынка Віктара залатыя ручкі адбудавалі. Ён будаўнік і любіць, каб усё было дыхтоўнае. Смяяліся, калі ён другі паверх узвёў на вясковай хаце, а потым зайздросцілі. Лазню паставіў, ды такую, што адразу ў ёй хацелася ўсё толькі разглядаць, а не мыцца. А вось там ля лазні церамок, бачыце? Гэта хатка, дзе шашлык смажаць зімой. А як жа, каб зімна не было, а дымок у дзве трубы выходзіць. Аднойчы сабраліся ўсе разам і так шумна ў хаце стала. Віктар і кажа: “Трэба яшчэ адну хату ставіць, каб было дзе пасля лазні спакойна адпачыць”. І паставіў. Такі ён у мяне. І другі сынок не гультай. Толькі жаніўся позна, усё дзевак перабіраў. Дачка Ала – праграміст і яшчэ ведае замежныя мовы. Аб’ездзіла ўвесь свет. Дачку сваю адправіла вучыцца ў Амерыку. У Беларусі ў мяне яшчэ тры ўнучкі. Усе едуць, бягуць да бабулі. Бывае так надураць галаву, што я адпачываю, калі паедуць.

Маляўнічая хата Галіны Іванаўны бачна з гасцінца, калі едзеш з Бягомля. На яе ўсе звяртаюць увагу. І не звярнуць нельга. Зблізку яна яшчэ прыгажэйшая. Але больш нават  уражвае не прыгажосць, а тое, як усё зручна тут зроблена і для працы, і для адпачынку. Будоўлю сына гаспадыня ўпрыгожыла кветкамі. Іх тут безліч ад вясны да восені.

– Люблю, каб прыгожа было ўсюды, – распавядае далей Галіна Іванаўна. – Калі былі моднымі вышыванкі, я карцела над імі і днём, і ноччу. У хаце ўсё ўбранне было вышыванае. У Казахстане жыла, а  ўзоры з Масквы выпісвала. Бралі мае работы на выставу. Потым кветкамі захапілася. Ай, ды што ўжо зараз казаць. Старая я, дзеткі.  Фатаграфаваць мяне не трэба, навошта газету псаваць? Ну, добра, угаварылі, хоць дзецям пакажу. Эх, прыехалі б вы да мяне раней, гадоў так на дваццаць. Другая б справа была.

Галіна Іванаўна ўздыхнула з сумам, але праз хвіліну яе аптымістычны характар ужо ўзяў верх над узростам, і яна, узяўшыся ў бокі, быццам зараз пройдзе ў польцы, замахала ўслед нашай машыне.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: Галіна Іванаўна Камінская-Буркоўская ля сваёй сядзібы.

Фота В. Чарвінскага. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *