В Докшицах отпраздновали День Независимости

3 ліпеня наша краіна адзначае два святы: незалежнасці і вызвалення. За сваю свабоду беларускі народ у чарговы раз заплаціў мільёнамі жыццяў людзей розных нацыянальнасцяў былога Савецкага Саюза. Рэспубліка-партызанка паклала на алтар вызвалення ад нямецка-фашысцкіх акупантаў амаль трэцюю частку свайго насельніцтва. Таму, колькі б ні прайшло часу, удзячныя нашчадкі, святкуючы Дзень Незалежнасці, заўсёды будуць памятаць светлы дзень 3 ліпеня 1944 года.

У светлы, радасны дзень 3 ліпеня святкаванне пачалося з ускладання кветак да падножжа помніка “Праклён фашызму” ў Шунеўцы, воінскіх пахаванняў на плошчы імя Героя Савецкага Саюза І.С. Палявога, памятнага знака воінам-вызваліцелям Докшыц і іншых помнікаў і абеліскаў кіраўніцтвам раёна, ветэранамі, моладдзю, прадстаўнікамі працоўных калектываў і грамадскіх аб’яднанняў. Затым  святочная калона рушыла да цэнтральнай плошчы горада, дзе адбылася галоўная ўрачыстасць свята. 

– Сярод мноства святаў  Дзень  3 ліпеня займае асаблівае месца, – сказаў у час яе адкрыцця старшыня райвыканкама Алег Пінчук. – Цаной вялікіх ахвяраванняў заваявана нашым народам права на незалежнасць. Дастойнае супраціўленне ворагу ў гады Вялікай Айчыннай вайны аказалі і жыхары нашага раёна. Сёння мы схіляем галаву перад іх подзвігам і будзем рабіць усё магчымае, каб прыгажэла пад мірным небам наша зямля.
Ад  імя ветэранаў вайны і працы слова трымаў былы дырэктар Крулеўшчынскай сярэдняй школы Яўген Герасімавіч Малчанаў. Ён выказаў упэўненасць, што сённяшняе пакаленне дастойна будзе прадаўжаць справу тых, хто перамог у вайне і зрабіў шмат для таго, каб Беларусь стала магутнай і квітнеючай дзяржавай.

Святочная канцэртная праграма распачалася музычна-харэаграфічнай кампазіцыяй “Квітней, наш любы край”. Далей яе прадоўжылі самадзейныя творчыя калектывы горада, сярод якіх інтарэс выклікаў хор ветэранаў, арганізаваны дырэктарам Докшыцкай школы-мастацтваў Вольгай Сушко.

Святочную атмасферу мерапрыемству надаваў “Докшыцкі панадворак”. На ім красаваліся вырабы майстроў Докшыцкага Дома рамёстваў, народнага клуба майстроў “Докша”. Раённы Цэнтр дзяцей і моладзі ў сваім “Горадзе майстроў” паказаў работы выхаванцаў студыі выяўленчага мастацтва і персанальную выставу Івана Будзіча. Цікавымі былі вырабы наведвальнікаў аддзялення дзённага прабывання інвалідаў. Дзяцей і дарослых заклікалі сваімі прыдумкамі ў выглядзе розыгрышу розных латарэй, разгадвання віктарын бібліятэкары. Папулярнасцю карысталася прадукцыя “Пчаляра”, якую прадставілі работнікі Прудніцкага СДК. Не праходзілі міма прыгожай хаткі, дзе разам з гасціннымі гаспадынямі прыладкаваўся жыць Дамавічок. Сваю прадукцыю прадставілі на свяце бытавікі, хлебапёкі, работнікі малаказавода, спажывецкай кааперацыі. Для дзяцей працавалі надзьмутая горка і спартыўная пляцоўка.

Святочнае гулянне працягвалася вечарам яшчэ адным канцэртам, у якім прынялі ўдзел народныя ансамблі “Прызбачка”, “Раніца” і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці раёна. У заключэнне дакшычане, што запоўнілі плошчу, разам з усёй краінай спявалі Дзяржаўны гімн і любаваліся святочным феерверкам. Пасля гэтага для моладзі і ўсіх жадаючых пачалася музычная дыскатэка.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

На здымках: святкаванне Дня Незалежнасці ў раёне.

Фота В. Чарвінскага.     

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *