Смотр подворий сельских советов на празднике города Докшицы
Панадворкі-панадворачкі –
Свята коціцца, як з горачкі.
Зіхацяць двары ўсмешкамі,
Вабяць рознымі пацешкамі,
Пахнуць вэнджаным і печаным,
Клічуць песняю сардэчнаю!
Чым багаты, тым і рады:
Журавіны ў Валкалатах,
Мяса ў Таргунах пякуць,
У Порплішчы
ў цымбалы б’юць.
У Беразіне – грыбоў!
Ну а ў Сітцах – жалудоў:
Мабыць, стрэслі з таго дуба,
Што расце пяцьсот гадоў.
Ехалі Фёдар з Анютай на свята,
Везлі на возе тавару багата.
Моцна стаміліся, воз разваліўся,
Конік – і той да зямлі пахіліўся.
Васілёчкі на сукенках,
У рамонках пірагі.
Беларускія паненкі
Гасцей частуюць дарагіх.
Бачна адразу, што
тут гаспадыня:
Качкі нясуцца,
накормлены свінні,
Гаспадара не заездзіла дужа,
Ды і сама нібы свежая ружа.
А вясёлыя Крыпулі
Ў боцікі
бусла абулі.
Хутка ў вырай
адлятаць –
Нельга ногі
прастуджаць.
Каравай сяброўства – прыгажосць якая!
Яго ўсім раёнам дружна выпякалі.
З усіх сельсаветаў праца ў ім рупліўцаў –
Еднасцю такою можна ганарыцца!
Прыгажуня-маладзіца
Да ўсяго яшчэ майстрыца:
Стол прысмакаў прывязла,
Мусіць, усю ноч пякла.
Грае Аляксандр Букаты –
І кіпіць, віруе свята.
А калі яшчэ з сябрамі –
Ногі ў танцы пойдуць самі.
Вось за гэткі б
стол прысесці,
Пірага кавалак з’есці,
Папіць чаю з абаранкам
І – гуляйма аж да ранку!
Любавалася панадворкамі на свяце Алена НЕСЦЯРОНАК.