День работников сельского хозяйства и АПК отпраздновали в Докшицах 24 ноября
Завяршыўся чарговы сельскагаспадарчы год – год стваральнай працы на палях і нівах, малочнатаварных фермах і мехдварах. У гонар гэтай значнай падзеі ў ККЗ “Іскра” на мінулым тыдні прайшло ўрачыстае мерапрыемства па ўшанаванні працаўнікоў сельскагаспадарчай вытворчасці.
Святочны настрой працаўнікам сяла ў фае кінаканцэртнай залы ствараў аркестр Докшыцкай ДШМ, а таксама шматлікія выставы вырабаў прадпрыемстваў перапрацоўчай прамысловасці.
Докшыцкая зямля з даўніх часоў славілася адданымі сваёй справе людзьмі, а таксама сваімі сельскагаспадарчымі традыцыямі. Каравай свежаспечанага хлеба ўраджаю 2018 года старшыні раённага выканаўчага камітэта Алегу Пінчуку ўручылі камбайнер ААТ “Таргуны” Юрый Малюжанец і аператар па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” Іна Скурко.
Алег Леанідавіч звярнуўся да прысутных з цёплымі словамі падзякі за штодзённую нялёгкую і самаадданую працу.
– Год для ўсіх нас быў складаны, – адзначыў ён. – Крыху больш за 33 тысячы тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 20,8 цэнтнера з гектара – такі ўраджай мы вырасцілі сёлета, і ён склаў 69 працэнтаў да ўзроўню мінулага года. Вышэйшага за сярэдні раённы паказчык – каля 80 працэнтаў – дасягнулі КУП “Докшыцкі” і ААТ “Бягомльскае”. Самай высокай ураджайнасцю збожжавых можа ганарыцца ДП “АграСітцы”. На належным узроўні былі праведзены работы па нарыхтоўцы кармоў. На ўмоўную галаву жывёлы ў сярэднім па раёне назапашана 24,7 цэнтнера кармавых адзінак, што на 2,4 цэнтнера кармавых адзінак больш, чым у 2017 годзе. Ажно на 10 цэнтнераў кармавых адзінак больш у параўнанні з мінулым годам нарыхтавалі кармоў у ААТ “Таргуны”. У ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” гэты паказчык раўняецца 28-і, а ў ААТ “Замастачанскае” – ажно 42-м цэнтнерам кармавых адзінак.
Асобныя словы падзякі хочацца выказаць кіраўніцтву і работнікам галіны жывёлагадоўлі такіх гаспадарак, як ААТ “Таргуны”, у якім у параўнанні з мінулым годам назіраецца значнае павелічэнне валавой вытворчасці малака, а таксама ААТ “Бягомльскае” і ААТ “Барсучанка”, дзе пры сярэднім па раёне валавым надоі ад каровы 2686 кілаграмаў малака надоена 3200 і 2900 кілаграмаў адпаведна.
Асобныя словы ўдзячнасці старшыня райвыканкама выказаў спецыялістам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, меліяратарам, будаўнікам, дарожнікам, РЭСу, райста, калектывам хлебазавода і вытворчага цэха Лепельскага МКК, фермерскім гаспадаркам, сельвыканкамам, ветэранам працы, пажадаў усім моцнага здароўя, здзяйснення ўсіх планаў, дабрабыту, новых дасягненняў.
Работнікаў галіны прывітала таксама першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Наталля Вараб’ёва.
Самыя ўрачыстыя і хвалюючыя моманты свята – ушанаванне перадавікоў вытворчасці. Пад незмаўкальныя апладысменты старшыня райвыканкама Алег Пінчук уручыў Падзяку Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь аператару па вырошчванні маладняку БРЖ ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” Іне Скурко, Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта – начальніку аддзела эканамічнага рэгулявання сельскагаспадарчай вытворчасці ўпраўлення райсельгасхарчу Вользе Герасімовіч і вядучаму эканамісту ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” Яўгеніі Кукуля. Граматай упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама ўзнагароджаны дырэктар філіяла “Докшыцкая райплемстанцыя” РУП “Віцебскае племпрадпрыемства” Наталля Юковіч, вядучы ветурач-гінеколаг ДЛПУ “Докшыцкая райветстанцыя” Аляксандр Гарабец і галоўны бухгалтар ДП “АграСітцы” Вольга Русак.
Першае месца ў раённым спаборніцтве сярод сельгасарганізацый 1 групы ў намінацыі “Павышэнне ўраджайнасці і павелічэнне вытворчасці зерня” заняў калектыў ДП “АграСітцы”. Валавы збор збожжа ў гаспадарцы склаў 3638 тон пры ўраджайнасці 25,3 цэнтнера з гектара. Дзяржаўны заказ выкананы на 100 працэнтаў. На другім месцы па праве калектыў ААТ “Барсучанка”, дзе валавы збор склаў 5547 тон пры ўраджайнасці 24 цэнтнеры з гектара, а дзяржзаказ выкананы на 105 працэнтаў. Гэты ж калектыў заняў другое месца ў спаборніцтве сярод сельгасарганізацый у намінацыі “Вытворчасць малака”. Валавы надой у “Барсучанцы” склаў 4947 тон, ад каровы надоена 2927 кілаграмаў малака.
Першае месца ў раённым спаборніцтве сярод сельгасарганізацый 2 групы ў намінацыі “Павышэнне ўраджайнасці і павелічэнне вытворчасці зерня” заняў калектыў ААТ “Бягомльскае”, дзе валавы збор склаў 1203 тоны. Трэцяе месца ў бягомльцаў у намінацыі “Вытворчасць малака”. Валавы надой – 1230 тон малака, або 124 працэнты да ўзроўню мінулага года. У сярэднім ад каровы надоена 3221 кілаграм малака.
Другое месца ў намінацыі “Павышэнне ўраджайнасці і павелічэнне вытворчасці зерня” сярод сельгасарганізацый 2 групы заняў калектыў КУП “Докшыцкі”, дзе валавы збор збожжа раўняецца 1992 тонам.
Пераможцам у намінацыі “Вытворчасць малака” стала ААТ “Таргуны”, дзе валавы надой павялічыўся на 106 працэнтаў да ўзроўню мінулага года і склаў 7342 тоны. Лідарства ў намінацыі “Вытворчасць мяса” па праве належыць ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. На 100 гектараў сельгасугоддзяў у гаспадарцы прыпадае 67 цэнтнераў мяса, сярэднясутачная прывага на вырошчванні і адкорме БРЖ склала 629 грамаў.
Уборачная кампанія – складаны і напружаны час для працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Сёлетні ўраджай паспяхова сабраны, а на свяце ўшанаваны героі жніва. Падзякі райвыканкама і грашовыя прэміі кіраўнік раёна ўручыў пераможцам спаборніцтва:
сярод экіпажаў камбайнераў, занятых на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур, – Юрыю Малюжанцу, старшаму камбайнеру ААТ “Таргуны”, які намалаціў 1544 тоны збожжа;
сярод маладых экіпажаў камбайнераў – Віктару Судніку, старшаму камбайнеру ААТ “Таргуны”, які намалаціў 1145 тон збожжа;
сярод вадзіцеляў транспартных сродкаў, якія ажыццяўляюць перавозку зерня ад камбайнаў 2 групы, – Івану Аляхновічу, вадзіцелю ААТ “Барсучанка”: перавёз 1733 тоны зерня;
сярод вадзіцеляў транспартных сродкаў, якія ажыццяўляюць перавозку зерня ад камбайнаў 3 групы, – Віктару Качынскаму, вадзіцелю ААТ “Барсучанка”, які перавёз 1619 тон зерня;
сярод маладых вадзіцеляў транспартных сродкаў, якія ажыццяўляюць перавозку зерня ад камбайнаў 3 групы, – Арцёму Мяжэвічу, вадзіцелю ААТ “Таргуны”: перавёз 1185 тон зерня;
сярод камбайнераў кормаўборачных камбайнаў, занятых на нарыхтоўцы травяных кармоў, – Уладзіміру Лаўцэвічу, камбайнеру ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, які на камбайне “Ягуар-850” нарыхтаваў 33968 тон зялёнай масы;
сярод вадзіцеляў транспартных сродкаў, занятых на перавозцы травяных кармоў ад камбайнаў, – Канстанціну Ляшчынскаму, вадзіцелю ААТ “Бягомльскае”: перавёз 11610 тон зялёнай масы.
Сярод тых, хто шчыруе на палях і жывёлагадоўчых фермах, лепшымі аказаліся:
Уладзімір Глухоўскі, аператар па вырошчванні маладняку БРЖ ААТ “Барсучанка” (сярэднясутачная прывага склала 788 грамаў);
Іван Шубін, жывёлавод па абслугоўванні дойнага статку ААТ “Таргуны” (сярэдні надой ад каровы – 3445 кілаграмаў малака);
Яўген Кімстач, аператар па адкорме маладняку БРЖ ДП “АграСітцы” (сярэднясутачная прывага на адкорме – 620 грамаў);
Ірына Зялёнка, аператар машыннага даення ААТ “Замастачанскае” (сярэдні надой ад каровы па групе – 4418 кілаграмаў малака);
Надзея Касцюк, загадчыца малочнатаварнай фермы “Несцераўшчына” ААТ “Таргуны” (сярэдні надой ад каровы – 3403 кілаграмы малака);
Валерый Гапанёнак, тэхнік-асемянатар КУП “Докшыцкі” (выхад цялят на 100 кароў і цялушак – 102 галавы);
Леанід Конан, аператар зернесушыльнай устаноўкі ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” (дапрацаваў 3008 тон зерня).
Лепшым галоўным інжынерам быў прызнаны Павел Януковіч (ДП “АграСітцы”);
лепшым галоўным эканамістам – Вольга Мецік (КУП “Докшыцкі”);
лепшым галоўным аграномам – Міраслаў Ушкевіч (ААТ “Бягомльскае”);
лепшым галоўным бухгалтарам – Святлана Аксючыц (КУСГП імя Чэрныша).
Ушанаванне лепшых работнікаў раёна працягваецца. Для ўзнагароджвання на сцэну падымаецца першы намеснік старшыні райвыканкама Наталля Вараб’ёва. Падзякі і грашовыя прэміі атрымліваюць старшыя камбайнеры ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” Уладзімір Лаўцэвіч і Яўген Машко (2-е і 3-е месцы адпаведна сярод экіпажаў камбайнераў, занятых на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур), камбайнеры Мікалай Кішыла (ДП “АграСітцы” і Вячаслаў Аніковіч (ААТ “Таргуны”) – 2-е і 3-е месцы адпаведна сярод камбайнераў кормаўборачных камбайнаў, занятых на нарыхтоўцы травяністых кармоў, вадзіцель Сяргей Гапанёнак (ААТ “Барсучанка”) – 2-е месца сярод вадзіцеляў транспартных сродкаў, занятых на перавозцы травяных кармоў;
аператары машыннага даення Ірына Цімафеева (ААТ “Таргуны”) і Зоя Іванова (ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”) – 2-е і 3-е месцы адпаведна, аператары па вырошчванні маладняку БРЖ Рэгіна Аліноўская (ААТ “Таргуны”) і Іна Скурко (ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”) – 2-е і 3-е месцы адпаведна, жывёлаводы па абслугоўванні дойнага статку Віктар Мягчанка (ААТ “Бягомльскае”) і Юрый Грыгаровіч (ДП “АграСітцы”) – 2-е і 3-е месцы адпаведна, аператар па адкорме БРЖ Раман Машко (ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”) – 2-е месца, тэхнікі-асемянатары Васіль Варанковіч (ААТ “Таргуны”) і Валянціна Сінькевіч (ААТ “Барсучанка”) – 2-е і 3-е месцы адпаведна.
Падзякі і памятныя падарункі на свяце атрымалі і работнікі прадпрыемстваў перапрацоўчай прамысловасці – машыністы цестараздзелачных машын філіяла РУП “Віцебскхлебпрам” “Докшыцкі хлебазавод” Таццяна Яцкоўская і Алена Канашыц, прадавец 6-га разрада Докшыцкага вытворчага цэха філіяла “Лепельскі малочна-кансервавы камбінат” ААТ “Віцебскі мясакамбінат” Ганна Міхайлава, трактарыст КДУП “Докшыцкае ПМС” Мікалай Трус, майстар будаўнічых і мантажных работ КДУП “Докшыцкае ПМС” Анатоль Шкелка.
Старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплекса Васіль Васюковіч уручыў Ганаровую грамату Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў інжынеру па падрыхтоўцы кадраў, старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі КДУП “Докшыцкае ПМС” Надзеі Семяшчонак, Ганаровую грамату Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў АПК – дырэктару ААТ “Замастачанскае” Канул Чуваковай, Ганаровую грамату Докшыцкай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК – аператару па вырошчванні маладняку БРЖ ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” Уладзіславе Маркевіч і загадчыцы МТФ “Парплішчанскі Двор” КУП “Докшыцкі” Ганне Чабан.
Не забыліся ў гэты ўрачысты дзень і пра ветэранаў аграпрамысловага комплексу і перапрацоўчай прамысловасці. Самыя шчырыя словы ўдзячнасці і апладысменты былі адрасаваны кожнаму запрошанаму на свята ветэрану.
Работнікі культуры падрыхтавалі да свята аграрыяў яркую і разнастайную канцэртную праграму. Майстэрства калектываў і салістаў раёна, насычанасць і адметнасць выступленняў, прыгожыя, каларытныя касцюмы не пакінулі нікога ў зале абыякавым.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота А. Варанковіча і В. Чарвінскага.