В «Барсучанке» сеют ячмень…
Густая пасадка елачак цягнецца ад Докшыц амаль да Параф’янава, а за ёй – палі, якім, здаецца, няма канца і краю. На такім вось 200-гектарным полі шчыруюць ад ранку да змяркання барсучанскія механізатары: ідзе сяўба ячменю. Карціна для хлебаробаў звыклая і адначасова радасна-ўзнёслая: залацістыя сонечныя промні пранізваюць лёгкую паўпразрыстую дымку над зямлёй, гул трактароў, адвечныя спадарожнікі сельскіх працаўнікоў буслы нетаропка расхаджваюць услед за тэхнікай.
Сейбіт на такой вялікай плошчы адзін – Аляксандр Рамашоў. 130 гектараў ужо ў яго “заплечніку”, пара дзён – і ніва будзе цалкам засеяна. Трактар і пасяўны агрэгат падрыхтаваныя да работы належным чынам, надвор’е спрыяе, таму і настрой у вопытнага і кваліфікаванага механізатара прыўзняты.
Удалечыні снуюць па полі трактары з культыватарамі – гэта рупяцца Пётр Аляхновіч, Юрый Панамароў і Алег Скукоўскі. Уважліва сочыць за якасцю выконваемай работы брыгадзір Алеся Міцько.
– Толькі збяруся вальготна пажыць на пенсіі – не даюць, – смяецца Алеся Іванаўна, якая аддала рабоце ў сельскай гаспадарцы 42 гады жыцця і зараз, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, не адмаўляецца, калі просяць дапамагчы.
– О, Іванаўна, калі дзе які агрэх, дае тут чарцей, – уступае ў размову Дзмітрый Кухта, які працуе на загрузчыку. – Але ніхто не крыўдзіцца і да заўваг усе прыслухоўваюцца, бо брыгадзіра свайго паважаем і любім.
– Нельга інакш: як ты да зямлі аднясешся, так яна табе аддзячыць, – разважае Алеся Іванаўна. – Канешне, былі на маёй памяці лепшыя часы, калі і ўдабрэнняў, і гербіцыдаў, і ГЗМ было ўволю, і механізатары былі не на разрыў… Сённяшнія рэаліі нашмат складанейшыя і ў раслінаводстве, і ў жывёлагадоўлі. Але, як бы там ні было, праца хлебароба, як і раней, важная і пачэсная, а пасяўная і ўборачная кампаніі пры ўсёй складанасці і напружанасці па-ранейшаму застаюцца ў душы святам.
НА ЗДЫМКАХ: рады веснавому сонцу і пачатку пасяўной Дзмітрый Кухта і Алеся Міцькоза; адвечнай сялянскай справай механізатар Аляксандр Рамашоў.
… и собирают камни
Каменны “ўраджай” збіраюць з ніваў у ААТ “Барсучанка” кожны год напярэдадні пасяўной. Здавалася б, пасля такой скрупулёзнай работы, у якой удзельнічаюць як работнікі гаспадаркі, так і памочнікі з арганізацый і ўстаноў Парплішчанскага сельсавета і Докшыц, камянёў не павінна заставацца. Але з зямлі выворваюцца новыя і новыя, ды і пасля зімы яны самі нібыта вырастаюць на паверхні, як тыя грыбы.
– Каб штогод не збіралі каменне, на рамонт тэхнікі затрачвалі б каласальныя сродкі, – упэўнены галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Андрэй Альхімёнак. – Колькі тон вывезлі з палёў – не злічыць. Складзіруем камяні на пляцоўках, а затым прымяняем для рамонту дарог, пры будаўніцтве сіласных і сянажных траншэй – выкарыстанне такога будаўнічага матэрыялу значна эканоміць фінансавыя сродкі гаспадаркі.
Збор камянёў у “Барсучанцы” ўжо ў поўным разгары. На палетках за Докшыцамі ў параф’янаўскім накірунку мы заспелі за гэтай работай (на здымку злева направа) памочніцу выхавальніка дзіцячага садка Лілію Квінта і тэхработніка школы Сняжану Варган з Барсукоў, рабочых садка і школы з Порплішча Уладзіміра Каралёнка і Анатоля Палачаніна.
Да збору камення па распараджэнні райвыканкама падключаюцца шматлікія арганізацыі і прадпрыемствы раёна. Пасяўная кампанія, мяркуючы па надвор’і, сёлета не зацягнецца, а значыць і ачысціць палі патрэбна ў сціслыя тэрміны.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота В. Чарвінскага.