Бегомльский завод ‘‘Ветразь’’ работает на качество и результат

img_5128Па мерках гігантаў машынабудаўнічай галіны нашай краіны ААТ “Завод “Ветразь” – даволі маладое прадпрыемства. За час свайго існавання яно перажыло нямала цяжкасцей, але зараз яго з гонарам можна назваць перадавіком вытворчасці.

‘‘Ветразь’’ з’яўляецца дачынным прадпрыемствам РУП “Магілёўліфтмаш” і паспяхова заваёўвае аўтарытэт не толькі на рэспубліканскім рынку збыту, але і за межамі краіны. Пад кіраўніцтвам дырэктара Анатоля Сіўко прадпрыемства неаднаразова прызнавалася адным з лепшых. Так, у мінулым годзе за дасягненне высокіх паказчыкаў у сацыяльна-эканамічным развіцці і эканоміі паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў сярод прамысловых арганізацый Віцебшчыны завод быў занесены на абласную Дошку гонару. Гэта і не дзіўна, бо дзякуючы зладжанай калектыўнай працы, эфектыўнай рэалізацыі новых вытворчых праектаў, прадпрыемства працягвае адкрываць для сябе цікавыя перспектывы і наладжваць новыя партнёрскія адносіны.
Адлік навейшай гісторыі завода пачынаецца з уводу ў эксплуатацыю новага корпуса і поўнага перапрафілявання вытворчасці. Акрамя камплектуючых для ліфтоў, завадчане асвоілі выпуск металарукава, спружыннай шайбы, будаўнічых цвікоў, самарэзаў. Уся прадукцыя адпавядае міжнародным стандартам якасці. Мае вялікія перспектывы сумесная вытворчасць з італьянскай фірмай VEGA SRL па вырабе антывандальнай кнопкі. Такую справу, як прамежкавая пайка італьянцы даверылі выконваць толькі некалькім работніцам электрамантажнага цэха. Унікальнай з’яўляецца і вытворчая лінія па нанясенні ахоўнага цынкавага пакрыцця таўшчынёй да 50 мкм на розныя дэталі метадам тэрмадыфузіённага цынкавання.
Фінансава-эканамічная дзейнасць завода характарызуецца станоўчай дынамікай росту прыбытку ад рэалізацыі прадукцыі. Рэальныя вынікі адлюстраваны ў паказчыках. За мінулы год прыбытак склаў 786 тысяч рублёў. Сёлета за восем месяцаў выручана 8314 тысяч рублёў. Сярэднямесячная зарплата на прадпрыемстве практычна склала 1000 рублёў.
Усе дасягненні завода “Ветразь” – гэта вынік працавітасці, высокага прафесіяналізму работнікаў і кіраўніцтва прадпрыемства. Напярэдадні свята працоўны ўклад некаторых завадчан адзначаны ўзнагародамі. Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў атрымала загадчыца складам Святлана Герасімава, Ганаровую грамату райвыканкама – начальнік вытворчасці Франц Ждановіч. Узнагароджаны таксама галоўны інжынер Мікалай Сялюк, галоўны бухгалтар Надзея Касцюкевіч, вадзіцель Ігар Онухаў, слесары-­электрамантажнікі Валянціна Парфяновіч і Людміла Леган, тэрміст Юрый Лебедзеў.
Завод “Ветразь” – сучаснае прадпрыемства, дзе стараюцца эфектыўна выкарыстоўваць інавацыйныя тэхналогіі, дзе перспектыўныя планы хутка становяцца рэальнасцю, бо тут заўсёды працуюць на якасць і вынік.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: (злева ­направа) маладое папаўненне: ­слесары-электрамантажнікі Канстанцін Явід, Аляксей Зялінскі, Дзяніс Шаркевіч.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *