Старейшина Иван Каминский: Душа всегда рвалась в Атрахимовку
У Бягомльскім сельсавеце зусім недалёка ад пасёлка ёсць зараз ужо маланаселеная, але колісь вялікая і вельмі прыгожа размешчаная вёска – Атрахімаўка. Да яе, як ніколі трапна, падыходзіць выраз «раскошна раскінулася», бо менавіта такой Атрахімаўка падаецца, калі прыпыніцца на ўзгорку каля шыльды-ўказальніка і агледзець наваколле. Хат у Атрахімаўцы, здаецца, хапае, але пастаянна пражываюць толькі ў трох. Астатнія – дачнае жыллё дарослых дзяцей і ўнукаў былых атрахімаўцаў і тых, хто каранёў у вёсцы не мае, аднак дом набыў з-за прыгожага і зручнага месцазнаходжання. Сярод пастаянных жыхароў і Іван Камінскі, які, дарэчы, з’яўляецца тут старэйшынам.
Хата нашага героя зараз самая апошняя ў вёсцы. Далей – поле ды шчодры на дары лес. Знайсці яе лёгка і яшчэ па адной прыкмеце: дыхтоўная, з безліччу гаспадарчых пабудоў, яна ўсю цёплую пару патанае ў кветках. Насупраць “прыпаркаваны” гаспадарскі трактарок, бо жыць на зямлі і нічым не займацца – не ў прынцыпах Івана Іванавіча. Гэта сялянская завядзёнка ў яго ад бацькі – мясцовага каваля Івана Аляксандравіча. Разам з маці Акулінай Васільеўнай яны выгадавалі траіх дзяцей. Дваім, Івану і Ларысе, было наканавана на заслужаным адпачынку вярнуцца ў родную хату.
Дарэчы, такі ж прывабны домік і знутры – гаспадар паклапаціўся пра ўсе выгоды: ад ацяплення да санвузла, заканчвае рамонт. Мэта, кажа, адна: няхай унукам і дзецям лягчэй у нашых вясковых рэаліях будзе. А яны з вялікай радасцю ляцяць да добрага, клапатлівага дзядулі, у вусах якога хаваецца шчырая ўсмешка, а вочы свецяцца асаблівай цеплынёй, якой не саромеюцца мужчыны з сапраўды добрым сэрцам.
Ці былі ў Івана Іванавіча падставы адляцецца далёка ад свайго роднага гнязда? Былі. І нават не адна. І калі служыў у Ленінградскай ваеннай акрузе, і калі вярнуўся на радзіму. Але ні Бягомлю, ні роднай вёсцы ён не здрадзіў. Доўгі час працаваў у Ахове, нават узначальваў яе Бягомльскі аддзел. Але як толькі выдалася магчымасць, пакінуў кватэру дачцэ і перабраўся ў Атрахімаўку. На жыццё вясковае не наракае. Апрацоўвае некалькі дзясяткаў сотак зямлі, трымае ладную гаспадарку, бо, як кажуць, рух гэта жыццё: хочаш ты з раніцы паднімацца з ложка ці не, а жывёлу трэба накарміць. Просты рэцэпт ад скаргаў на жыццё і дрэннага настрою, яшчэ ад дзядоў і прадзедаў.
Старшыня Бягомльскага сельскага Савета дэпутатаў пра гэтага старэйшыну адзываецца выдатна. Кажа, што Іван Камінскі – чалавек слова і справы, але вельмі сціплы. Калі паабяцаў – выканае. За вёску сваю хварэе, да запытаў людзей адносіцца чула.
Так цёпла бывае на душы ад сустрэчы з людзьмі, намаганнямі якіх хата бацькоў не тое што не прадаецца, а жыве, ды яшчэ і квітнее.
Пра вёску Атрахімаўка ў раённай кнізе “Памяць” звестак небагата, літаральна два сказы: у пачатку ХХ ст. вядома як фальварак Бягомльскай воласці Барысаўскага павета, на 01.01.2004 года было 11 двароў, 22 жыхары. Шукаючы крупінкі дадатковых звестак для падрыхтоўкі артыкула, журналісцкі лёс звёў з яшчэ адной ураджэнкай Атрахімаўкі – Алай Глазко, якая па супадзенні абставін аказалася аднакласніцай героя артыкула Івана Іванавіча. Ала Рыгораўна, кіраўнік народнага музычнага ансамбля “Бараўлянская крынічка”, родныя мясціны любіць бязмежна, аднак вяртацца ў вёску ёй вельмі складана, бо бацькоўскую хату знішчыў пажар. Толькі малая радзіма ва ўспамінах жанчыны назаўжды. Калі заплюшчвае вочы, яна прыгадвае Атрахімаўку, якая патанала ў зеляніне, па памяці на кожным пустым кавалку зямлі называе хату за хатай. З асаблівай пяшчотай у голасе прыгадвае, як першыя тры класы вучылася там у пачатковай школе (была зачынена ў 1970 годзе), якімі роднымі для дзятвы былі настаўніцы Ганна Сяргееўна Таракан і Лідзія Іванаўна Акуловіч, як шмат было ў вёсцы дзятвы, як ад яе забаў гаманіла наваколле да змяркання.
Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.