Старейшиной сразу трёх деревень в Докшицком районе выбрали Андрея Романовского

Наконт любой справы раяцца Іван Лакуцэвіч і Андрэй Раманоўскі.

Наконт любой справы раяцца Іван Лакуцэвіч і Андрэй Раманоўскі.

Андрэю Раманоўскаму, жыхару вёскі Крыпулі, два гады таму даверылі грамадскую пасаду старэйшыны адразу трох вёсак. І не прагадалі. Без яго ўдзелу, лічы, не абыходзіцца ніводная справа. Клопатаў ў прадстаўніка мясцовага самакіравання нямала, але ўсе яны толькі ў радасць, калі пытанні вырашаюцца паспяхова, калі прыносяць карысць людзям.

– Андрэй Пятровіч, якога замацавалі за вёскамі Ветахмо, Калягі і Куты, поўнасцю апраўдаў наш давер, – гаворыць выконваючы абавязкі старшыні Крыпульскага сельскага выканаўчага камітэта Іван Лакуцэвіч. – Калі б усе былі такія адказныя, то любыя пытанні вырашаліся б лёгка, а магчыма, і наогул не ўзнікалі.

Андрэй Раманоўскі родам з вёскі Калягі. Працаваў у свой час вадзіцелем аварыйна-выратавальнага паста ў Ветахме, а на заслужаны адпачынак пайшоў па выслузе гадоў. Зараз актыўна заняўся грамадскай дзейнасцю.

– Перш за ўсё стараемся наводзіць парадак кожны каля каля свайго дома, – гаворыць старэйшына. – У вёсцы Ветахмо, напрыклад, толькі шэсць жыхароў. Усе, акрамя аднаго, пенсіённага ўзросту. Дык вось ім і нагадваць не трэба, каб не забыліся, напрыклад, двор абкасіць, калі трэба, плот пафарбаваць. Усе працавітыя, акуратныя, стараюцца трымаць марку.

У летні сезон і самога Андрэя Пятровіча даволі часта можна ўбачыць з трымерам у руках. Абкошвае не толькі каля свайго дома. Едзе таксама на малую радзіму ў вёску Калягі. Там пахаваны яго дзяды і прадзеды, там засталася бацькоўская хата. Участак большы за гектар дапамагаюць добраўпарадкаваць трое сыноў.

– Старэйшы, Арцём, служыць у сілах спецыяльных аперацый, Паша, сярэдні, сёлета атрымае дыплом праграміста, а малодшы, Пеця, будзе механікам, – не без гонару расказвае пра дзяцей Андрэй Пятровіч.

– Дзякуючы намаганням старэйшыны, могілкі ў Калягах можна назваць узорнымі, – далучаецца да размовы Іван Лакуцэвіч. – Трава там заўсёды роўна падстрыжаная. Гэта Андрэй Пятровіч не дае ёй вырасці больш за пяць сантыметраў (усміхаецца – Аўт.). А яшчэ па ініцыятыве нашага памочніка на могілках, на месцы, дзе даўней стаяла старая драўляная царква, устанавілі крыж з алтаром, паклалі плітку і абуладкавалі лавачкі. Гэта месца паміж сабой вяскоўцы называюць царкоўны мемарыял.

– Кожны год, у першую нядзелю пасля праваслаўнага свята Святой Тройцы, там праходзіць Каляжскі кірмаш, – падхоплівае размову Андрэй Раманоўскі. – Пачынаецца ён з малебна і асвячэння святога месца. Затым для вяскоўцаў і гасцей ладзіцца канцэртная праграма з пачастункамі. Летась, дарэчы, на кірмаш сабралася ажно паўсотні чалавек. У дванаццаць разоў больш за тую колькасць людзей, якая сёння пражывае ў вёсцы. На свяце пабывала нават жыхарка горада Кейптаўна Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. Як аказалася, карані гэтай жанчыны ў вёсцы Калягі.

Новы выгляд набылі таксама могілкі ў Кутах. Летась уздоўж іх пасадзілі жывую агароджу з 6о-і туй, і цяпер пахаванні, размешчаныя ў полі, выглядаюць зусім па-іншаму.

– У ацяпляльны сезон Андрэй Пятровіч працуе ў сельвыканкаме апальшчыкам, – гаворыць Іван Людвігавіч. – У тым, што ў адміністрацыйным будынку цёпла, ёсць і яго вялікая заслуга. Перад наступленнем халадоў разам са старэйшынам перагледзелі сістэму ацяплення. Дзе трэба, замянілі помпы, абнавілі электралічыльнікі. Так што перазімуем у цяпле!

Таццяна Падбярэзкая.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *