Аутизм — не болезнь, а нарушение развития с особенностями работы нервной системы
2 красавіка адзначаецца Сусветны дзень распаўсюджвання інфармацыі аб праблеме аўтызму.
Аўтызм – не хвароба, а парушэнне развіцця, звязанае з асаблівасцямі работы цэнтральнай нервовай сістэмы. Да гэтага часу невядома, што з’яўляецца прычынай яго ўзнікнення.
Расстройства выяўляецца ў раннім дзяцінстве (звычайна да трох гадоў), захоўваецца ўсё жыццё, але яго сімптомы можна карэктаваць, што дапамагае адаптавацца да жыцця. З-за таго, што яно з’яўляецца дастаткова шырокім спектрам розных асаблівасцей, сімптомы ў розных людзей могуць моцна адрознівацца. Хтосьці можа мець інтэлектуальную недастатковасць, а хтосьці асаблівасці ў зносінах. У некаторых часта сустракаецца глыбокая канцэнтрацыя на якіх-небудзь тэмах, фенаменальная памяць, здольнасць запамінаць велізарныя аб’ёмы інфармацыі ці выдатныя аналітычныя здольнасці.
Прыкмет аўтызму мноства: адсутнасць ці пазбяганне зрокавага кантакту, замкнёнасць, частыя істэрыкі, смех ці плач без бачных прычын, затрымка ці адсутнасць гаворкі, рэхалалія (некантралюемае капіраванне і шматразовае паўтарэнне гукаў, якія вымаўляюцца іншым чалавекам, спантаннае паўтарэнне пачутых слоў, фраз і гукаў замест свядомай гаворкі), строгае выкананне рытуалаў, вострая рэакцыя на якія-небудзь перамены (змену маршруту, рэжыму дня, перастаноўку рэчаў), абыякавасць да яркіх цацак, выбіральнасць у ежы, вострая адчувальнасць да моцных гукаў, святла або паху, адсутнасць рэакцыі на імя, усмешку. Аўтыст раўнадушны да блізкіх (не любіць абдымацца), аддае перавагу адзіноце, паводзіць сябе стэрэатыпна (паўтаральныя рухі, разгойдванне, махі рукамі, хада на дыбачках). Таксама ў яго аднастайныя інтарэсы (празмерная захопленасць якім-небудзь мультфільмам, кнігамі на пэўную тэму), адсутнасць указальнага жэсту.
Усе характарыстыкі дзяцей з аўтызмам немагчыма ўкласці ў якую-небудзь схему. Дакладны дыягназ можа паставіць толькі ўрач-псіхіятр на аснове назірання і тэстаў.
С. ГЛУШОНАК,
педагог-псіхолаг
Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

