Работа по душе — половина счастья, считает Тамара Москаленок из агрогородка Торгуны
Часта пры сустрэчах з аператарамі машыннага даення на пытанне аб прыходзе ў прафесію даводзіцца чуць, што так склаліся жыццёвыя абставіны. А вось для Тамары Маскалёнак з аграгарадка Таргуны праца ў жывёлагадоўлі – асэнсаваны выбар яшчэ з малых гадоў. “Люблю сваю работу, ніколі не хацела і не хачу памяняць яе на іншую”, – гаворыць з агеньчыкам у вачах, і агеньчык той дае ўсе падставы, як знакамітаму тэатральнаму рэжысёру Станіслаўскаму, прамовіць у адказ: “Веру!”
Дзяўчынка Тома з вёскі Першамайск на ферме, можна сказаць, вырасла. Там працавала яе мама Ірына Уладзіміраўна Скурат, а, як цяпер модна гаварыць, мець статус мамінай памочніцы было ў тыя часы жыццёвай неабходнасцю. Для Тамары ж яшчэ і гонарам, і задавальненнем. Ужо гадоў у чатырнаццаць магла цалкам замяніць маці, калі той неабходна было адлучыцца па нейкай патрэбе. Таму пасля заканчэння школы пытанне аб выбары прафесіі не стаяла.
І вось за яе плячыма ўжо 32 гады працоўнага стажу, які працягвае павялічвацца, бо і пасля выхаду на заслужаны адпачынак яна па-ранейшаму ў страі: рупіцца ў даільнай зале МТК “Вецяра”.
– Дваццаць гадоў аддадзена ферме “Двор”, дзе ўвесь працэс работы быў звыклым і адпрацаваным да дробязяў, – распавядае Тамара Іванаўна. – А вось даільная зала ўжо запатрабавала новых навыкаў і жорстка “рэгламентавала” тэмп. Тым не менш хутка ўцягнулася ў працэс і, здаецца, спраўляюся, – сціпла дадае.
На самай справе яна не проста спраўляецца, а паказвае ў працы высокія вынікі, пра што сведчаць цэлы стос грамат і падзяк, неаднаразовыя перамогі і прызавыя месцы ў раённых спаборніцтвах. На яе рахунку надоі па пяць тысяч кілаграмаў малака ад каровы, і гэта не аднаразовыя ўзлёты, а, калі можна так сказаць, сістэма.
– З радасцю іду раніцай на работу, а гэта ўжо для чалавека палова шчасця, – слушна разважае суразмоўца.
Другая ж палова, Тамара Іванаўна згаджаецца, у сям’і. І тут варта адразу адзначыць, што размова пойдзе пра сямейную дынастыю, дзе тры пакаленні прысвяцілі сябе сельскай гаспадарцы. Гэта і бацькі нашай гераіні, і яна сама з мужам Пятром, які таксама працуе зараз у ААТ “Таргуны”, і асаблівы – мацярынскі – гонар Тамары Іванаўны: сыны. Як і маці, яны не сумняваліся: дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся. Андрэй зараз галоўны інжынер сельгаспрадпрыемства, кваліфікаваны спецыяліст, прафесіянал, які, нягледзячы на маладыя гады, заваяваў павагу і давер у калектыве найперш дзякуючы сваім адносінам да справы і да людзей. Аляксандр – інжынер-механік. У гарачую пару часта падстаўляе сваё плячо механізатарам і вадзіцелям, працуючы на адвозцы збожжа і дасягаючы пры тым найвышэйшых паказчыкаў не толькі ў раёне, але і ў вобласці. Па выніках мінулага года ён удастоены звання “Чалавек года Віцебшчыны”.
– У Андрэя ўжо свая сям’я, Саша заняты будаўніцтвам дома, але яны заўсёды знаходзяць час дапамагчы нам з мужам па гаспадарцы, наведацца да бабулі ў Першамайск, – шчасліва ўсміхаецца Тамара Іванаўна. – Праўда, настаялі на тым, што кароўка нам ужо не трэба, дык мы яе нядаўна і збылі. А вось астатняй жывёлы поўны хлеў. Агароды, цяпліцы – гэта яшчэ ў поўным аб’ёме. Лічу агародніцтва, як і развядзенне кветак, сваім хобі. Хаця, калі разабрацца, мне розныя віды работ па душы. А калі побач родныя людзі, на многае стае сіл.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

