На базе предприятий ЖКХ Докшицкого района прошел областной семинар-учеба «День охраны труда»
На базе прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна прайшоў абласны семінар-вучоба “Дзень аховы працы”. Удзел у ім прынялі першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ЖКГ Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Герасімаў, намеснік старшыні райвыканкама Марына Клімовіч, старшыня абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў ЖКГ і сферы абслугоўвання Аляксей Юсікаў, а таксама галоўныя інжынеры і спецыялісты па ахове працы арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі вобласці.
– Ахова працы набывае ўсё большую актуальнасць ва ўсіх кірунках дзейнасці, і гэта не дзіўна, бо размова ідзе пра жыццё і здароўе нашых людзей, – адзначыла падчас адкрыцця семінара Марына Клімовіч. – Бяспечная праца – гэта не проста патрабаванне заканадаўства, гэта праяўленне клопату наймальніка пра кожнага работніка.
Першы аб’ект, які наведалі ўдзельнікі семінара, – кацельня ў Бягомлі. Яна працуе на розных відах паліва: шчапе, пелетах і прыродным газе. Пра санітарна-бытавыя ўмовы для работнікаў аб’екта паведаміў начальнік участка Юрый Кукуля.
– У бытавым памяшканні абсталявана месца для адпачынку і прыёму ежы, – адзначыў Юрый Міхайлавіч. – Ёсць гардэробная, дзе захоўваецца спецадзенне і асабістыя рэчы, душавы і туалетны пакоі, аснашчаныя неабходнымі прыстасаваннямі і сродкамі. Што тычыцца асноўных патрабаванняў бяспекі ў працэсе работы, то персаналам вядзецца журнал для запісу параметраў тэхнічных устройстваў. Аператар у абавязковым парадку сочыць за паказаннямі прыбораў і захоўвае зададзены тэмпературны рэжым.
На тэрыторыі кацельні работнікі РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” прадэманстравалі калегам, як праводзяцца работы па ўстаноўцы камеры відэаназірання на фасадзе будынка.
У рамках семінара былі праведзены таксама тактыка-спецыяльныя заняткі па прыёмах і спосабах выратавальных работ падчас аварыі на кацельні. Па легендзе заняткаў, у выніку неасцярожнага абыходжання з агнём адбылося ўзгаранне ў агрэгатнай. Утварылася моцнае задымленне, ёсць пацярпелы.
У дадзенай сітуацыі персанал кацельні прадэманстраваў зладжанасць ва ўзаемадзеянні з пажарнай і газавай службамі, хуткай медыцынскай дапамогай.
Другая частка семінара мела працяг у Докшыцах на вуліцы Чарняхоўскага. Там яго ўдзельнікі азнаёміліся з правядзеннем земляных работ і тым, як аднаўляецца дарожнае пакрыццё пасля рамонту водаправодна-каналізацыйных сістэм. Майстар-клас правялі работнікі філіяла “Докшыцыводаканал”.
Вынікі абласнога семінара былі падведзены ў ККЗ “Іскра”. Пра тое, як ажыццяўляецца грамадскі кантроль за захаваннем заканадаўства аб ахове працы ў арганізацыях сістэмы ЖКГ вобласці, праінфармаваў галоўны тэхнічны інспектар працы абласной арганізацыі Беларускага прафесіянальнага саюза работнікаў ЖКГ і сферы абслугоўвання Дзмітрый Сіўцоў. Пра стан вытворчага траўматызму за пройдзены перыяд бягучага года, а таксама тыповыя парушэнні, якія выяўляюцца падчас наглядных мерапрыемстваў, паведаміў прысутным намеснік начальніка аддзела нагляду за захаваннем заканадаўства аб ахове працы абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржінспекцыі працы Сяргей Сухавіла.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара і Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.












