Модернизацию инженерных сетей в районном центре проводит филиал «Докшицыводоканал»

IMG_8037 с

Ад якаснай камунальнай інфраструктуры залежыць камфортнае жыццё людзей. Філіял “Докшыцыводаканал” робіць чарговы крок у мадэрнізацыі інжынерных сетак раённага цэнтра. У маі бягучага года работнікі прадпрыемства распачалі маштабную пракладку новай водаправоднай веткі, якая злучыць завулак Савецкі і вуліцу Маякоўскага ў Докшыцах. Яе працягласць – 1550 пагонных метраў.

Галоўная асаблівасць гэтага праекта – адмова ад традыцыйнага метаду капання глыбокіх траншэй.

– Работнікі філіяла “Водаканалбудсэрвіс” ужо завяршылі ўкладку поліэтыленавых труб бестраншэйным метадам, – паведаміў майстар будаўнічага ўчастка філіяла “Докшыцыводаканал” Франц Рыбчынскі. – Гэты матэрыял не схільны да карозіі, не акісляецца і гарантуе захаванасць высокай якасці пітной вады на працягу дзесяцігоддзяў. Зараз нашы работнікі злучаюць паміж сабой працягнутыя пад зямлёй адрэзкі водаправода спецыяльнымі муфтамі праз кожныя сто метраў, не прымяняючы зваркі. Такое праектнае рашэнне забяспечыць герметычнасць злучэнняў і ўстойлівасць сеткі да тэмпературных перападаў грунту.

Гэтымі днямі на ўчастку, дзе праводзіцца мадэрнізацыя, рупяцца слесары аварыйна-аднаўленчых работ філіяла “Докшыцыводаканал” Павел Касцюк, Дзмітрый Курдзека і дарожны рабочы Аляксандр Панцялей. На спецыялізаванай тэхніцы працуе вопытны машыніст экскаватара Станіслаў Вахавіч.

Пасля таго як лінія ад завулка Савецкага да вуліцы Маякоўскага будзе злучана, а гэта плануецца зрабіць да канца бягучага года, водаканалаўцы правядуць абавязковыя тэхнічныя працэдуры. Спачатку – гідраўлічныя іспыты сістэмы пад ціскам, затым прамыўку і дэзінфекцыю трубаправода, а на фінальным этапе два разы адбяруць пробы вады для пацвярджэння яе поўнай бяспекі і адпаведнасці санітарным нормам.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *