Нетрезвый работник и объяснительные записки. Правовой профсоюзный прием прошел в Докшицах

Аліна Каралёва на прыёме ў ЦРБ. Справа – старшыня прафсаюзнай пярвічкі бальніцы Вольга Камінская.

Аліна Каралёва на прыёме ў ЦРБ. Справа – старшыня прафсаюзнай пярвічкі бальніцы Вольга Камінская.

Як граматна адхіліць ад работы нецвярозага супрацоўніка? Ці выратуе ад пакарання адмова пісаць тлумачальную запіску? На гэтыя і іншыя пытанні адказала прававы інспектар Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Аліна Каралёва падчас прыёмаў грамадзян у Докшыцах.

Прыёмы адбыліся ў цэнтральнай раённай бальніцы і раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК. У іх прыняла ўдзел намеснік пракурора раёна Надзея Міцько.
Прафсаюзны юрыст дапамагла разабрацца ў тонкасцях Працоўнага кодэкса як радавым работнікам, так і прадстаўнікам кіруючага звяна. Размова атрымалася прадметнай.

У прыватнасці, аднаго з грамадзян цікавіла, як правільна павінен паступіць наймальнік у выпадку адхілення ад працы нецвярозага работніка. Насамрэч, калі падначалены паспеў сумленна адпрацаваць хаця б дзве гадзіны да моманту фіксацыі ап’янення, наймальнік абавязаны аплаціць гэты час – закон патрабуе налічэння зарплаты за фактычна выкананую работу. Дарэчы, калі падчас вымушанага “прастою” з-за адхілення работнік атрымае бытавую траўму, разлічваць на аплату бальнічнага яму ўжо не прыйдзецца: па законе ў падобных выпадках дапамога па часовай непрацаздольнасці не прызначаецца.

Яшчэ адно пытанне закранула папулярны міф пра тлумачальныя запіскі. Некаторыя ўпэўнены: калі наадрэз адмовіцца пісаць тлумачальную на імя кіраўніка, то і пакараць не змогуць за адсутнасцю дакументаў. Прафсаюзны юрыст развеяла гэту ілюзію – маўчанне ад спагнання не ўратуе. Наймальніку дастаткова скласці акт аб адмове ад дачы тлумачэнняў у прысутнасці сведак, пасля чаго ён мае поўнае права аб’явіць заўвагу або вымову.

Не менш актуальным аказалася і тлумачэнне пра тэрміны накладання спагнанняў у выпадку, калі супрацоўніка адразу пасля правіны адправілі ў службовую паездку. Як патлумачыла Аліна Каралёва, камандзіроўка не ставіць працэс пакарання “на паўзу”. У адрозненне ад хваробы або адпачынку службовая паездка не выключаецца з устаноўленага законам месячнага тэрміну для прымянення спагнання. Больш за тое, загад аб пакаранні павінен быць прад’яўлены работніку пад подпіс на працягу пяці дзён з дня выдання. Пры немагчымасці азнаёміць вінаватага асабіста наймальнік проста афармляе адпаведны акт.

Прававы інспектар адзначыла:

– Выязныя прававыя прыёмы – рэальны інструмент бесканфліктнага рэгулявання працоўных адносін. Падобныя сустрэчы дапамагаюць наймальнікам пазбягаць у будучым прыкрых працэдурных памылак пры афармленні дакументаў, а работнікам – дакладна разумець межы сваіх правоў і абавязкаў.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *