Дзень Тумілавіцкага сельсавета
На тэрыторыі Тумілавіцкага сельсавета размяшчаецца 21 населены пункт, у трох з гэтай колькасці насельніцтва не пражывае. У час правядзення дня сельсавета прыём грамадзян ажыццяўляўся актывам раёна.
Як звычайна, у час прыёму пэўная большасць пытанняў, якія ўздымаюць жыхары, тычыцца чатырох пунктаў: водазабеспячэнне, забеспячэнне палівам, асвятленне вуліц і рамонт дарог. Трэба адзначыць, што ў Тумілавіцкім сельсавеце было іх не шмат, аднак, як гаворыць старшыня райвыканкама, іх быць увогуле не павінна. Вышэй названыя пытанні павінны вырашацца без падказкі людзей і націску на кіраўнікоў, без асаблівых патрабаванняў ад іх выканання службовых абавязкаў. Возьмем да прыкладу асвятленне вуліц. Колькі пра гэта не гаворыцца на розных узроўнях і колькі б не зрабілі ў гэтым кірунку работнікі раёна электрычных сетак, задавальняцца пакуль не прыходзіцца. Пытанні ўзнікаюць і надаюць нязручнасці жыхарам. Што тычыцца медыцынскага абслугоўвання, то скаргаў у цэлым не паступае, а вось прапановы – перыядычна. Жыхары Несцераўшчыны прасілі кіраўніцтва ЦРБ забяспечыць ФАП фельчарам. Пасля звальнення “іх фельчара” яны не засталіся без медабслугоўвання: два разы ў тыдзень наведваецца фельчар з Тумілавічаў, аднак жыхарам хацелася б мець пастаяннага медработніка на мясцовым ФАПе. Звярнуліся ў час прыёму і з пажаданнем змяніць графік работы таргуноўскага кафэ “Родник”, маецца на ўвазе прадоўжыць тэрмін работы ў выхадныя дні. Жыхары Рачных прасілі зрабіць новую кладку праз Бярэзіну, Біруляў – устанавіць кантэйнеры ля зоны адпачынку і забараніць стаянку машын у канкрэтным месцы, а таксама ўзнавіць трэці рэйс аўтобуса з Докшыцаў. Уздымаліся і некаторыя іншыя пытанні. Між тым, у прамой размове з адказнымі работнікамі райвыканкама было адзначана шмат станоўчага ў жыцці вяскоўцаў. Напрыклад, гаварылі пра навядзенне парадку на зямлі, над якім працуе СВК “Таргуны”. Шмат зроблена мясцовай уладай у вырашэнні пытанняў са зносам пустуючых і закінутых дамоў. Гаварылі пра належнае забеспячэнне прадукцыяй раслінаводства шляхам выкарыстоўвання зямлі ў агульным севазвароце і іншае.
Падвялі вынікі дня сельсавета ў Тумілавіцкім Доме культуры, у якім, як зазначыў старшыня райвыканкама, было холадна нават пры плюсавой тэмпературы на вуліцы. Алег Леанідавіч яшчэ раз падкрэсліў, што паднятыя пытанні жыхарамі дадзенай тэрыторыі жыццёва важныя і надзённыя: іх нельга пакінуць без увагі, а таму пастаўлена задача, каб да 1 снежня ўсе іх вырашыць.
Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.