Вкусными обедами радует механизаторов КУСХП «АгроСитцы» повар Тамара Михалевич
Гарачы суп, пышныя катлеты і шчыры “дзякуй” ад механізатараў – так праходзяць будні кухара КУСГП “АграСітцы” Тамары Міхалевіч. Пакуль на палетках кіпіць работа, у сталовай сельгаспрадпрыемства гатуюцца смачныя абеды.
– Кухарам працую ўжо трэці сезон, – расказвае Тамара Леанідаўна. – Дагэтуль была загадчыкам гаспадаркі ў Сітцаўскай школе, а як выйшла на пенсію, прапанавалі пайсці ў сталовую. У гарачую пару пасяўной, нарыхтоўкі кармоў і ўборачнай кампаніі запавольвацца няма часу. Механізатары выязджаюць у поле з самага ранку і працуюць да позняга вечара. Работа нялёгкая, таму наша галоўная задача – накарміць мужчын так, каб сіл хапіла на ўвесь дзень. У меню стараемся ўключаць розныя стравы, у большасці сваёй высокай каларыйнасці. Стараемся, каб яны былі набліжаны да дамашніх.
У дзень Тамара Міхалевіч гатуе абеды для трыццаці працаўнікоў палёў. Падчас уборачнай іх колькасць узрастае.
– Наварысты боршч са смятанай альбо духмяны гарохавы суп на мясным булёне – гэта абавязковая першая частка комплекнага абеду. На другое гатуем катлеты, гуляш, тэфтэлі альбо хатнія каўбаскі. Гарнір таксама разнастайны. Прапануем розныя кашы, макарону, бульбяное пюрэ. І, канешне, ахалоджаныя фруктовы і мядовыя напіткі. Мёд, дарэчы, з пасекі, якую наша прадпрыемства трымае ў Лісавічах. Ялавічыну для прыгатавання мясных страў таксама выкарыстоўваем з нашай гаспадаркі.
Бліжэй да апоўдня абеды дастаўляюцца на УАЗе непасрэдна да працоўных месцаў механізатараў. Іх адвозяць вадзіцель Вацлаў Шылько і рабочая Вольга Аўсейчык.
Трэба адзначыць і той факт, што харчаванне для сітцаўскіх хлебаробаў абсалютна бясплатнае: яно кладзецца на выдаткі сельгаспрадпрыемства.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

