Докшицы отметили День Независимости Беларуси + (фото)

У нядзелю наш раён разам з усёй краінай адсвяткаваў Дзень Незалежнасці.

IMG_5519

З самага ранку настрой жыхарам і гасцям райцэнтра стварала радыётрансляцыя. Пад гукі мелодый, якія ўслаўляюць родны край, калектывы арганізацый і ўстаноў раёна збіраліся на цэнтральнай плошчы горада. Яны неслі кветкі да помнікаў ахвярам і героям Вялікай Айчыннай вайны, воінам-інтэрнацыяналістам, салдатам, якія загінулі ў мірны час.
Прадстаўнічая дэлегацыя кіраўнікоў арганізацый і ўстаноў раёна на чале са старшынёй райвыканкама А.Л. Пінчуком аддала даніну павагі бязвінным ахвярам, са смуткам і тугой схіліўшы галовы на мемарыяльным комплексе “Праклён фашызму” ў Шунеўцы.

IMG_9413
А палове дзясятай гадзіны рушыла святочная калона, пачэснае месца ў якой было адведзена, на вялікі жаль, ужо нешматлікім ветэранам. За імі – кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў, творчая моладзь, спартсмены, члены грамадскіх аб’яднанняў (здымак 2).
Да помніка на плошчы імя І.С. Палявога былі паднесены кошыкі з кветкамі загінулым героям ад нашчадкаў. Ні на хвілінку нельга забыцца, што Дзень Незалежнасці мы святкуем дзякуючы ўсім ім. Менавіта 3 ліпеня 1944 года ў ходзе аперацыі “Баграціён” Мінск быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а да поўнага вызвалення БССР засталося ўсяго некалькі тыдняў.
З прыўзнятым настроем у сонечны дзень пад блакітам неба шэсце скіравала да гарадскога возера, на летняй пляцоўцы каля якога распачалася канцэртная праграма.
З прывітальным словам да жыхароў і гасцей раёна звярнуўся старшыня райвыканкама А.Л. Пінчук. У першую чаргу Алег Леанідавіч выказаў словы падзякі ўсім тым, хто штодзённа на працягу чатырох гадоў ахвяраваў сабой дзеля вызвалення роднай зямлі ад карнікаў.
Вялікая павага і тым, хто аднаўляў разбураную рэспубліку ў пасляваенныя дзесяцігоддзі. Былі названы калектывы, якія сёння годна працуюць на карысць Докшыччыны. Пажаданні ў Дзень Рэспублікі самыя галоўныя: здароўя, дабрабыту і мірнага неба.
Да шчырай слязы пранікнёнай атрымалася ў артыстаў тэатралізацыя “Малююць хлопчыкі вайну”, удзел у якой прыняла малалетняя вязніца фашысцкіх канцэнтрацыйных лагераў Ганна Шаклюцкая (здымак 1). Сімвалічным завяршэннем кампазіцыі стала ўручэнне дзецьмі прыгожых букетаў ветэранам.

Свае творчыя здольнасці падчас дзённай канцэртнай праграмы дарылі выхаванцы Цэнтра дзяцей і моладзі, дзіцячых музычных школ раёна (здымкі 1, 4), хор ветэранаў, інструментальны ансамбль баяністаў і ансамбль лыжкароў Бягомльскай ДШМ, калектывы “Раніца”, “Прызбачка”, “Землякі”, “Сакавіца”, “Вярба”, трыо з Крулеўшчыны, артысты Барсукоўскага СДК, выканаўцы і чытальнікі Аляксандр Яцына, Андрэй Чабан, Алеся Палякова, Марына Лернатовіч, Валерый Міхмель, Генадзь Кулак.
Паралельна з канцэртнай праграмай у парку ладзіліся разнастайныя забавы для дзятвы: скокі на батуце, латарэі, “вясёлая рыбалка”, шашачна-шахматныя турніры, конкурсы спартыўнай моцы і спрыту, катанні на конях (здымак 7).
Гандлявала прысмакамі райста, хлебазавод, смачныя кіслародныя кактэйлі, духмяны шашлык і рэкламу аздараўленчых паслуг прапаноўваў насельніцтву санаторый “Баравое”
(здымак 6). Выставы прадукцыі і рэкламу паслуг арганізавалі ДКУБП ПМК-52, ДЛГУ “Бягомльскі лясгас”, РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, завод “Ветразь”, торфапрадпрыемства, бытавік. Выставы вырабаў умельцаў і майстрых дэманстравалі Цэнтр дзяцей і моладзі, Бягомльская школа-інтэрнат, ТЦСАН, Дом рамёстваў (здымак 5). Арыгінальныя забавы для дзятвы арганізавалі супрацоўнікі бібліятэчнай сістэмы. Актывісты ГА “БРСМ” прапаноўвалі ўсім ахвотным паўдзельнічаць у акцыі “Рэкорд незалежнасці”.

 

Зорны час талентаў

 

Вячэрняя праграма была прысвечана падвядзенню вынікаў раённага конкурсу “Таленты Докшыччыны” і таксама мусіла адбыцца на беразе возера. Аднак дождж унёс свае карэктывы ў планы арганізатараў, і мерапрыемства перанеслі ў кінаканцэртную залу “Іскра”.
У двух этапах конкурсу, якія былі праведзены загадзя, прынялі ўдзел 14 творчых калектываў арганізацый і ўстаноў і больш за сотню самадзейных артыстаў. Падвесці вынікі і ўзнагародзіць пераможцаў на сцэну запрасілі старшыню райсавета дэпутатаў Валянціну Сівіцкую, якая ўзначальвала журы конкурсу.
Месцы размеркаваліся наступным чынам.

IMG_5850
Намінацыя
“Лепшая вакальная група, дуэт”:
1 месца – Крулеўшчынская СШ,
2 месца – СШ №1 г. Докшыцы,
3 месца – ВУ “Віцебскторф”; Гняздзілаўская ДС-БШ.
Намінацыя “Лепшы саліст”:
1 месца – Таццяна Музыкант (ВУ “Віцебскторф”),
2 месца – Вольга Маслоўская (РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”),
Юлія Сачына (ДУ “Санаторый “Баравое”),
3 месца – Святлана Калбасіч (Сітцаўская СШ), Станіслаў Красоўскі (ТЦСАН), Ірына Гурская (СШ №1 г. Докшыцы).
Намінацыя
“Лепшая тэатральная група”
1 месца – УАЗ “Докшыцкая ЦРБ”,
2 месца – СШ №1 г. Докшыцы,
3 месца – Парплішчанская СШ.
Намінацыя “Лепшы танцавальны калектыў”
1 месца – Парплішчанская СШ,
2 месца – РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”,
3 месца – Параф’янаўская СШ.
Намінацыя “Лепшы аўтар-выканаўца”
1 месца – Віктар Яцук (ВУ “Віцебскторф”),
2 месца – Ірына Дзяхканава (СШ №2 г. Докшыцы),
3 месца – Рэната Базык (РВПС).
Намінацыя
“Лепшы чытальнік”
1 месца – Генадзь Кулак (Тумілавіцкая ДС-СШ),
2 месца – Галіна Гарбаценка (СШ №1 г. Докшыцы),
3 месца – Таццяна Галавач (РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”).
Намінацыя
“Дэбют – адкрыццё года”
Ксенія Францкевіч (РВПС).

IMG_9574

Намінацыя “Лепшая тэматычная канцэртная праграма”
1 месца – СШ №1 г. Докшыцы,
2 месца – Бягомльская СШ,
3 месца – ДУ “Санаторый “Баравое”.
Намінацыя
«Кіраўнік – творчая асоба”
А.Э. Палачаніна (дырэктар Парплішчанскай СШ); У.А. Піскуновіч (дырэктар Крулеўшчынскай СШ); Н.В. Фурсевіч (дырэктар СШ №1 г.Докшыцы); Т.І. Ярашэвіч (дырэктар Гняздзілаўскай ДС-БШ.
Пераможцамі раённага конкурсу “Таленты Докшыччыны” сталі:
1 месца – Крулеўшчынская СШ,
2 месца – Парплішчанская СШ,
3 месца – УАЗ “Докшыцкая ЦРБ”,
Гран-пры конкурсу прысуджана калектыву СШ №1 г. Докшыцы. Пераходзячую статуэтку калектыву-пераможцу перадаў кіраўнік РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Д.С. Каляга, калектыў якога заваяваў Гран-пры ў 2014 годзе (здымак 3).
Пасля завяршэння канцэртнай праграмы, падчас якой сваімі творчымі здольнасцямі дзяліліся ўдзельнікі конкурсу “Таленты Докшыччыны”, да традыцыйнай акцыі “Спяём гімн разам” далучыліся сотні жыхароў райцэнтра і гасцей свята.
Фінальным акордам стаў рознакаляровы салют, які ў гонар Дня Незалежнасці ў 23 гадзіны расквеціў неба над райцэнтрам.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота Я. Малевіч
і В.Чарвінскага.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *