Чистая прохлада рек, аромат соснового бора, гостеприимство жителей… Это все о Докшиччине
Докшыччына – найпрыгажэйшы, дзіўны край Віцебскай вобласці. Той, хто хоць аднойчы пабываў тут, назаўсёды запомніць чыстую прахалоду рэк і свежы водар сасновага бору, гасціннасць і добразычлівасць мясцовых жыхароў.
Бяроза і Вілля
Тут самыя чысцейшыя крыніцы,
Пясчаныя палі сярод лясоў,
Тут суджана было ім нарадзіцца
I бегчы з незапамятных часоў.
Нібыта з гарлачоў двух крутабокіх
Бяруць яны пачатак – дзве ракі,
Як выплеснутыя ўдалеч два патокі
Ці два бруі ў розныя бакі,
На поўдзень і на захад іх пуціны,
Зямля ім скарбы чыстыя дае.
Нясуць Дняпру і Нёману даніну,
Пароўну раздзяляючы яе.
Дзвюх рэк пачатак у лясных прасторах,
Бягуць адной народжаны зямлёй.
Бяроза – на спатканне з Чорным морам,
А шлях Віллі – да Балтыкі сівой.
Яны патрэбны полю, лугу, лозам,
Без іх – як анямелая зямля.
Імя ў першай светлае – Бяроза,
Імя ў другой віхлявае – Вілля.
Юрась Свірка
Гісторыя Докшыцкага краю незвычайная, па-свойму нам дарагая, бо створана нашымі продкамі, іх мужнымі подзвігамі ў часы ліхалецця, мірнай стваральнай працай, розумам і кемлівасцю. Сучаснасць – дастойны працяг гэтай слаўнай гісторыі.
Докшыцкі раён быў утвораны 15 студзеня 1940 года. Размешчаны ён на водападзеле басейнаў Чорнага і Балтыйскага мораў. Тут свой пачатак бяруць рэкі Вілія і Бярэзіна, якія адлюстраваны на гербе Докшыц. На тэрыторыі раёна размешчаны адзінаццаць натуральных азёр: Сэрвач (самае вялікае), Плаўна, Вольшыца, Медзазол, Межужол, Манец, Дамашкаўскае, Станіслаўскае, Чорнае, Маскавіца, Камайскае. На ўсходзе раёна знаходзіцца частка славутага Бярэзінскага запаведніка, а таксама тры гідралагічныя заказнікі міжнароднага і рэспубліканскага значэння: Верхневілейскі, Галубіцкая пушча і Сэрвач.
Ёсць на Докшыччыне цікавыя помнікі прыроды. Гэта і сядзібна-паркавы комплекс Дамейкаў у Сітцах, у якім можна ўбачыць 500-гадовы дуб і ўнікальную браму ў стылі барока. Сітцаўская сядзіба занесена ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, а разам з ёй – касцёл Іаана Хрысціцеля ў аг. Валкалаты і Спаса-Праабражэнская царква ў аг. Порплішча.
У склад раёна ўваходзяць 270 населеных пунктаў. У адміністрацыйных адносінах раён дзеліцца на райцэнтр і 11 сельсаветаў.
Заснаваны ў XV стагоддзі, 15 верасня 2022 года горад Докшыцы адзначыў сваё 615-годдзе. Размешчаны за 195 км ад г. Віцебска і за 132 км ад г. Мінска.
У 1796 годзе царскі сенат вызначыў Докшыцы як павятовы горад і зацвердзіў яго герб, які сімвалізуе водападзел паміж Балтыйскім і Чорным морамі. Паводле перапісу 1897 года ў Докшыцах пражывала 3642 жыхары, у 1904 годзе – 4103 і налічвалася 435 драўляных дамоў, адзін каменны, мелася дзве гасцініцы, аптэка.
У гады Вялікай Айчыннай вайны раён быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У тыя часы больш за 3,5 тысячы жыхароў раёна змагаліся ў радах Чырвонай Арміі, партызанскіх атрадах і падпольных групах. На тэрыторыі раёна дзейнічалі дзевяць партызанскіх брыгад і асобных атрадаў. Сваімі подзвігамі праславілі докшыцкую зямлю Героі Савецкага Саюза Сцяпан Сцяпанавіч Манковіч, Франц Іосіфавіч Перхаровіч, Аляксандр Іванавіч Чэрныш, Арсенцій Гаўрылавіч Юхнавец, Уладзімір Ігнатавіч Стрэльчанка і Іван Піліпавіч Ціткоў.
Вайна нанесла вялікую шкоду эканоміцы раёна. Нацыстамі і іх памагатымі было спалена больш за 193 населеныя пункты, у тым ліку чатыры вёскі – Шунеўка, Азарцы, Залатухі, Баравыя – паўтарылі лёс Хатыні. Загінула звыш 20 тысяч чалавек, ці кожны трэці жыхар раёна. 2 ліпеня 1944 года раён быў вызвалены. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі ў 2009 годзе гарадскі пасёлак Бягомль узнагароджаны вымпелам “За стойкасць і мужнасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”.
Докшыцкая зямля шчодрая на таленты. Тут нарадзіліся паэты Алесь Ставер, Юрась Свірка, Іван Стадольнік, Леаніла Чарняўская, кампазітар Нестар Сакалоўскі. На докшыцкай зямлі жыў, вучыўся ў мясцовай школе вядомы паэт Беларусі Пімен Панчанка. Гонар і слава Докшыцкага раёна – Героі Сацыялістычнай Працы У.Ф. Крышталевіч, В.К. Бабіч, І.П. Камінская, Н.У. Карповіч, І.Д. Янкоўскі; навукоўцы А.І. Андарала, П.А. Апанасевіч, Г.А. Арцімёнак, М.І. Аўтушка, А.І. Гайдук, М.Ц. Кавалёва, В.П. Козіч, Б.Б. Кузьміцкі, А.П. Майсяёнак, К.У. Скурат, В.Р. Собаль, Я.А. Таргонскі і інш.
На 1 студзеня 2026 года на тэрыторыі раёна пражывала 19 630 чалавек, у тым ліку ў горадзе Докшыцы – 6568 чалавек, у г.п. Бягомль – 2316, у сельскай мясцовасці – 10 746 чалавек.
Месцы духоўнага прыцягнення ў Докшыцах – царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы і касцёл Святой Тройцы.
У райцэнтры створаны ўмовы для ўсебаковага развіцця дзяцей і падлеткаў. Дзейнічаюць дзве агульнаадукацыйныя школы, чатыры дзіцячыя дашкольныя ўстановы. Ва ўсіх школах уведзена вывучэнне тых або іншых прадметаў на павышаным узроўні. Юныя дакшычане маюць магчымасць наведваць раённы Цэнтр дзяцей і моладзі, дзіцячую школу мастацтваў, дзіцяча-юнацкую спартыўную школу, Дом рамёстваў. Вялікай папулярнасцю, і не толькі ў мясцовых, карыстаецца басейн ФСК “Ураджай”.
Асноўным цэнтрам аказання медыцынскай дапамогі ў горадзе з’яўляецца Докшыцкая цэнтральная раённая бальніца, дзейнічае стаматалагічная паліклініка з сучасным абсталяваннем.
У горадзе функцыянуе гарадскі Цэнтр культуры, дзве бібліятэкі. Культурнае жыццё Докшыц насычана разнастайнымі па форме і змесце культурна-масавымі мерапрыемствамі. Брэнды раёна – рэспубліканскі фестываль “Дзве ракі” і фэст траў “Пра зёлкі”. Святы, характэрныя для пэўнай мясцовасці, штогод арганізоўваюцца ў кожным сельсавеце. Напрыклад, “Сырны разгуляй” у аг. Сітцы, “Ручнік як лёс” у в. Гарадзішча, “Жывая вадзіца бацькоўскіх крыніц” у в. Буй.
Пра раённыя навіны дакшычане даведваюцца з газеты “Родныя вытокі”.
Сярод цікавых турыстычных аб’ектаў Докшыччыны – выток Бярэзіны, Свята-Пакроўская царква, каменны будынак XVIII стагоддзя на былой кірмашовай плошчы і яўрэйскія могілкі ў райцэнтры, мемарыяльны комплекс “Шунеўка”, Бягомльскі музей народнай славы, гістарычны комплекс будынкаў на вуліцы Савецкай у Бягомлі, Спаса-Праабражэнская царква ў Порплішчы, сядзіба Дамейкаў у Сітцах і касцёл імя Святой Марыі ў Параф’янаве. Жыхарам блізкага замежжа добра вядомы санаторыі “Лясное” і “Баравое”.
Падрыхтавала Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара і Наталлі ВАСЬКО.







